Перакінуць мігрантаў з Беларусі на мяжу з Фінляндыяй прыдумалі сілавікі РФ — СМІ

Фінска-расійская мяжа

Фінска-расійская мяжа / Памежная служба Фінляндыі

Перакінуць арабскіх бежанцаў з Беларусі на мяжу з Фінляндыяй кантрабандыстам параілі расійскія сілавікі. Пра гэта піша The Insider са спасылкай на заявы кантрабандыстаў, якія дапамагаюць мігрантам перасекчы мяжу.

Адзін з кантрабандыстаў расказаў журналістам, што на пачатку лістапада з ім звязаліся расійскія афіцэры: "Расія пачала прапускаць мігрантаў прыкладна паўтара месяца таму, і мы даведаліся пра гэта праз афіцэраў, з якімі ў нас ёсць сувязі".

Мужчына паведаміў, што сам ён давозіў людзей толькі да мяжы, дзе перадаваў іх пад апеку расійскіх памежнікаў. А тыя, па яго словах, давалі мігрантам ровары для перасячэння мяжы ў Фінляндыю.

Іншы кантрабандыст распавёў, што кантраляваць мігрантаў пачынаюць адразу пасля прылуту ў Расію: ужо ў аэрапорце іх сустракае "нейкі палкоўнік" і дапамагае ўехаць у краіну.

Рэзкі наплыў мігрантаў з боку Расіі Фінляндыя зафіксавала ў сярэдзіне лістапада. Фіны паведамлялі, што ў мігрантаў няма дакументаў для перасячэння мяжы, але расійскі бок іх усё адно прапускае. Да канца месяца краіна зачыніла ўсе дзевяць КПП на мяжы з РФ.

14 снежня два КПП аднавілі працу, але працавалі толькі некалькі гадзін. Фінляндыя зноў іх зачыніла, бо колькасць мігрантаў не зменшылася.

На межах Беларусі з краінамі ЕС міграцыйны крызіс узнік у сярэдзіне 2021 года. Заходнія палітыкі абвінавацілі афіцыйны Мінск у яго стварэнні і ахарактарызавалі гэты крызіс як форму гібрыднай вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі