ЕС — пра ліквідацыю БАЖ: гэта працяг рэпрэсій супраць незалежных галасоў
Еўрасаюз выступіў з заявай з нагоды афіцыйнай ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Арганізацыя была ліквідаваная Вярхоўным судом 27 жніўня.
У заяве прэс-сакратара ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Пітэра Стана змяшчаецца асуджэнне рэпрэсій у Беларусі і заклік спыніць іх. Таксама Еўрасаюз заклікае беларускія ўлады пачаць паважаць асноўныя свабоды грамадзян.
Працягам рэпрэсій "супраць незалежных галасоў у краіне" у заяве называецца закрыццё найбуйнейшай незалежнай журналісцкай арганізацыі ў краіне.
Пітэр Стана нагадвае , што сярод 649 беларускіх палітвязняў 27 з'яўляюцца супрацоўнікамі СМІ.
"У траўні прымусілі замаўчаць найбуйнейшую незалежную медыяплатформу TUT.BY, а супраць яе кіраўніцтва і журналістаў былі пачатыя крымінальныя справы. У ліпені працягваўся бязлітасны пераслед няўрадавых арганізацый і праваабаронцаў, у тым ліку ператрусы ў дамах, многія грамадзяне былі арыштаваныя, іх закранулі сур'ёзныя абвінавачванні", кажа прэс-сакратар ЕС.
Па яго словах, Еўрасаюз працягне падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі, у тым ліку незалежныя СМІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.