ЕС прыпыняе санкцыі супраць Уладзіміра Макея з 25 чэрвеня (дакумент)
Тым не менш кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі застаецца ў "чорным спісе" Еўрасаюза.
Рашэнне аб прыпыненні санкцый супраць высокапастаўленага чыноўніка прынятае 24 чэрвеня на паседжанні Савета ЕС па замежных справах у Люксембургу.
У дакуменце гаворыцца, што гэтая мера прынятая дзеля спрашчэння дыпламатычных кантактаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Разам з тым, ЕС захоўвае сваю палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, у тым ліку і палітыку санкцый.
ЕС абяцае вярнуцца да новага разгляду "беларускага пытання" сёлета ў кастрычніку. Тады ж прымуць і рашэнне наконт далейшага прыпынення санкцый у адносінах да Макея.
Цяперашняе рашэнне заўтра будзе апублікавана ў "EU Official Journal" і тады ж набудзе моц.
Эксперты лічаць, што прыпыненне санкцый супраць Макея — параза Еўропы.
Нагадаем, што Уладзімір Макей трапіў пад санкцыі ЕС пасля разгону мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года. Тады ён займаў пасаду кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі.
Фота — bymedia.net