Эстонія можа закрыць мінскую авіялінію з-за сітуацыі з каранавірусам у Беларусі
Эстонія можа закрыць мінскую авіялінію з-за сітуацыі з каранавірусам у Беларусі. У Таліне адсочваюць узровень распаўсюду COVID-19 у нашай краіне. Як паведамляе postimees.ee, 14 траўня эстонскі ўрад упаўнаважыў Мінэканомікі і камунікацый сумесна з Міністэрствам сацыяльных спраў прымаць рашэнне наконт абмежавання працы авіяліній з мэтай недапушчэння распаўсюду каранавіруса. Яны будуць арыентавацца на эпідэміялагічную сітуацыю ў Эстоніі і ў краінах, у якія здзяйсняюцца палёты.
Пакуль авіяспалучэнне аднавілі паміж краінамі Балтыі, рыхтуюцца да такога ж кроку з Нідэрландамі, Нарвегіяй, Даніяй. "Астатнія накірункі мы будзем адкрываць паступова, калі сітуацыя гэта дазволіць", — кажа міністр эканомікі і інфраструктуры Тааві Аас. Паводле яго слоў, "неабходна пры першай магчымасці закрыць мінскую авіялінію, паколькі ў Беларусі ўзровень распаўсюду віруса выклікае трывогу". Палёты паміж Мінскам і Талінам здзяйсняюцца некалькі разоў на тыдзень.
Пры гэтым у Міністэрстве аховы здароўя Беларусі заяўляюць, што ў сітуацыі з каранавірусам наша краіна "выйшла на плато" г. зн. яна стабілізавалася. 14 траўня былі зарэгістраваныя чарговыя 947 выпадкаў каранавіруса, агулам іх было 26772. Памёр 151 чалавек.
У Эстоніі 1758 выпадкаў заражэння каранавірусам, памерлі 62 чалавекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.