Еўрадэпутат: Рэзалюцыі па Беларусі ці Расіі могуць стаць менш вострымі

Прыхільнікі палітыкі Пуціна здолелі стварыць у Еўрапарламенце сваю фракцыю. Пра гэта днямі на сваёй старонцы ў Facebook напісаў еўрадэпутат Габрыэлюс Ландсбергіс:


“З’явілася інфармацыя ў калідорах Еўрапейскага парламента, што радыкалы-папулісты, новыя сябры Пуціна ў Еўропе, далучыліся да Мары Ле Пэн і стварылі самастойную фракцыю. Вялікая ганьба ў тым, што ўзмацненню пракрамлёўскай пазіцыі ў Еўропе, здаецца, паспрыялі літоўцы — Rolando Pakso i Valentino Mazuroniio далучыліся да ініцыятывы і тым дазволілі радыкалам мець сваю фракцыю”.


У тым, што нават пасля стварэння сваёй “прапуцінскай” фракцыі правыя здолеюць паўплываць на палітыку Еўрапарламента адносна Расіі ці Беларусі, славацкі палітолаг Рыгор Мясежнікаў моцна сумняваецца.


Рыгор Мясежнікаў: “У іх няма большасці (правых у новым складзе Еўрапарламета каля 100, а ўсяго дэпутатаў звыш 500 — Еўрарадыё), але магчымасць працаваць у якасці самастойнай фракцыі дае ім гучней выказваць сваё меркаванне, працаваць у асобных камітэтах. З палітычнага пункту гледжання гэта важна. Але з пункту гледжання практычных вынікаў я не думаю, што сітуацыя да такой ступені крытычная, каб можна было казаць, што ім удасца цалкам пераламаць, да прыкладу, прынятае ЕП рашэнне. Большасць усё ж будзе ў прадстаўнікоў права цэнтрысцкіх, левых, ліберальных і іншых палітычных сіл”.

                                            Рыгор Мясежнікаў


Прынятае Еўрапарламентам рашэнне ці рэзалюцыю па, напрыклад, Расіі ці Беларусі фракцыя прыхільнікаў Мары Ле Пэн сапраўды заблакаваць не зможа, пагаджаецца дэпутат “старога” складу парламенту Крысціна Оюланд. Але “нашкодзіць” і зрабіць нейкую рэзалюцыю менш вострай цалкам здольная.


Крысціна Оюланд: “Калі будзе прымацца рэзалюцыя, то яны могуць свае праўкі ўносіць. І калі яны будуць удалыя, разумныя, то падчас перамоў яны змогуць правесці гэтыя праўкі ў рэзалюцыю, зрабіць яе такім чынам менш вострай. Канечне, яны змогуць (дзякуючы кансалідаванай пазіцыі фракцыі — Еўрарадыё) уплываць на пэўныя рашэнні. Калі яны сабралі фракцыю, то гэта азначае, што яны хочуць і на палітычным узроўні сваё меркаванне выказваць — гэта ж відавочна”.

                          Крысціна Оюланд


Вострая рэзалюцыя на актуальную праблему — гэта добра, пагаджаецца з эстонскім еўрадэпутатам Рыгор Мясежнікаў. Але галоўнае, што на агульную замежную палітыку ўсяго Еўрасаюза створаная еўраскептыкамі ў Еўрапарламенце фракцыя паўплываць не зможа, упэўнены эксперт.


Рыгор Мясежнікаў: “Зыходзячы са згаданых сімпатый да Расіі, уплыў Расіі на… сітуацыю ў Еўрапарламенце пашырыцца. Але практычнага ўплыву на палітыку Еўрасаюза, якую вызначае не Еўрапарламент, а іншыя органы Еўрасаюза — Еўракамісія ды іншыя, якія складаюць “міждзяржаўны касцяк” Еўрасаюза, — гэтыя партыі мець не будуць”.


Мандаты новаабраных дэпутатаў Еўрапарламента набываюць моц толькі з 1 ліпеня. І афіцыйна “прапуцінская” фракцыя яшчэ не створаная. Літоўскі палітык Габрыэлюс Ландсбергіс выказвае спадзяванне, што, магчыма, літоўскія парламентарыі ўсё ж перадумаюць, адклікаюць свае галасы, і фракцыя не зможа быць утвораная. А ўсё таму, што паводле правілаў Еўрапарламента фракцыя можа быць створаная толькі ў тым выпадку, калі ў яе ўвойдзе не менш за 25 дэпутатаў з 7 краін ЕС.

Фота: Змітра Лукашука, euroua.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі