Захад выкупіў у рэжыму ГДР тысячы палітвязняў. Беларусы могуць таксама?
Берлінская сцяна
Міхаэль Шлосер працаваў на тэлебачанні ГДР і марыў адкрыць уласную аўтаслесарную майстэрню. Шлосер быў выдатным механікам. Спойлер: каб уцячы з ГДР, ён пабудуе... самалёт!
Але на пачатку 80-х Усходняя Германія яшчэ не ведае, што яе грамадзянін здольны на такое. І адмаўляе Шлосеру ў адкрыцці майстэрні. Ён зноў піша прашэнне — і зноў атрымлівае адмову.
— І тады я падумаў: калі мяне ў маёй краіне не хочуць бачыць за добрага механіка, то я мушу трапіць на Захад. Праўда, тады я яшчэ не разумеў, як гэта зрабіць, — расказвае Міхаэль Шлосер карэспандэнту Еўрарадыё.
Мы сустракаемся з ім у будынку навучальнага і мемарыяльнага цэнтра турмы Касберг ва ўсходнегерманскім горадзе Хемніц. Калі спадар Шлосер трапіў сюды ў 80-х, горад называўся Карл-Маркс-Штадт, а ў гэтым будынку знаходзіўся не мемарыяльны цэнтр, а проста турма. У ёй палітвязні з ГДР чакалі, калі Заходняя Германія... выкупіць іх ва ўсходняга рэжыму.
Так, менавіта выкупіць. Агулам урад ФРГ выкупіў у рэжыму ГДР больш за 33 тысячы палітвязняў. І Міхаэль Шлосер быў адным з іх.
У спецпраекце "Птушыная клетка" Еўрарадыё расказвае гэтую фантастычную гісторыю.
"І я вырашыў пабудаваць маленькі аднаматорны самалёт"
Шлосер выношваў планы ўцёкаў з ГДР. Але фінальны план аформіўся сам сабой, калі ён прыехаў у госці да чэшскіх сяброў і ўключыў радыё.
— Я сядзеў у кемпінгу, слухаў радыё і пачуў аб'яву выдавецтва "Аксель Шпрынгер": яны заявілі, што для жыхароў ГДР, якія хочуць пакінуць краіну і змогуць пабудаваць верталёт, "Аксель Шпрынгер" прапануе свой дах як пляцоўку для пасадкі, — расказвае Міхаэль Шлосер. — У гэтай заяве гаварылася, што той жыхар ГДР, які на самастойна пабудаваным верталёце зможа прыляцець у Заходні Берлін, атрымае прэмію ў мільён заходніх марак.
"Аксель Шпрынгер-Ферлаг" — адзін з найбуйнейшых еўрапейскіх выдавецкіх і медыяканцэрнаў. У 1966 годзе канцэрн пабудаваў шматпавярховік для сваёй штаб-кватэры проста пад Берлінскай сцяной. Вось на яго і мусіў прызямліцца верталёт.
— Спачатку я не ўспрыняў гэтую прапанову сур'ёзна. Але мой сябар з Чэхіі датэлефанаваўся да "Аксель Шпрынгер". Да тэлефона падышоў рэдактар і пацвердзіў: так, мы зрабілі такую заяву. У мяне не атрымлівалася пабудаваць верталёт, таму што не хапала чарцяжоў, і я вырашыў пабудаваць маленькі аднаматорны самалёт.
Уцёкі былі запланаваныя на 11 лістапада 1983 года. Шлосер збіраўся ляцець паміж пяццю і шасцю раніцы. У гэты дзень у Германіі пачынаўся карнавал, і ён думаў, што на мяжы ўсе будуць выпіваць, а на яго самалёт не звернуць увагі.
— Чаго я не ведаў — дык гэта таго, што ў Штазі ўжо быў ордар на ператрус маёй уласнасці.
Штазі сачыла за Шлосерам. Хтосьці з працы сказаў, што гэты механік занадта шмат часу праводзіць за вывучэннем нейкага венгерскага часопіса, занадта ўважліва чытае артыкул аб дэльтапланах. Калі Міхаэль пайшоў у кіёск за свежым выпускам часопіса, у яго папрасілі пашпартныя звесткі. Маўляў, зараз часопіса няма — але мы замовім яго для вас. Ужо тады Шлосер пачаў падазраваць, што прыцягнуў да сябе ўвагу Міністэрства дзяржбяспекі. Іначай навошта дзеля звычайнага часопіса прасіць у пакупніка пашпартныя звесткі?
— Калі з'явілася магчымасць прачытаць мае дакументы, следчыя акты, я даведаўся, што яны складаюцца з больш чым 5 тысяч старонак.
Мы перапытваем — тысяч?! І Міхаэль Шлосер разводзіць рукамі, каб паказаць надзвычайны аб'ём ўяўнай тэчкі. Так, пяць тысяч старонак. Штазі ведала пра яго планы ўсё.
За спробу ўцячы з ГДР Шлосера прыгаварылі да 4 гадоў і 4 месяцаў турмы. Гатовы да вылету самалёт адабралі. Шлосер дагэтуль не ведае, дзе ён (з тых часоў ён пабудаваў яшчэ тры).
— Але ў турме я правёў толькі 6,5 месяца. На маіх актах напісана: гэтага чалавека хочуць выкупіць, ёсць дазвол на яго выкуп, — кажа Міхаэль Шлосер. — У кастрычніку 1984 года я прыехаў у турму ў Карл-Маркс-Штадце. І пятага снежня 1984 года Заходняя Германія выкупіла мяне ў ГДР.
Мы размаўляем у той самай турме, дзе Шлосер чакаў вызвалення. Каля 90% усіх палітвязняў, за якіх уступаўся Захад, напярэдадні выкупу пераводзілі сюды.
Як перамовы аб выкупе наогул сталі магчымыя?
У 1962 годзе адбыўся абмен савецкага шпіёна Рудольфа Абеля на амерыканскага лётчыка Генры Паўэрса, і гэта падало знак таго, што перамовы паміж рэжымамі-ворагамі мажлівыя. Вы маглі бачыць гэтую гісторыю абмену вачыма Стывена Спілберга — ён паказаў складаныя перамовы, якія стаялі за ўгодай, у аскараносным фільме "Шпіёнскі мост".
І неўзабаве пасля абмену Абеля на Паўэрса, у 1963 годзе, федэральны ўрад абмяняў 8 зняволеных на больш чым 200 000 нямецкіх марак, расказвае нам навуковы супрацоўнік мемарыяльнага цэнтра турмы Касберг, доктарка Штэфі Ліман:
— Першы выкуп быў вельмі тэатралізаваным. Сумку з грашыма перадалі ў берлінскім метро — на "Фрыдрыхштрасэ". Адзін з выкупленых тады палітвязняў правёў у турме 17 гадоў. Пазней ён казаў, што не мог паверыць у тое, што адбываецца. Не мог паверыць, што нехта ўвесь гэты час пра яго думаў.
Доктар Ян Філіп Вольберн напісаў кнігу пра тое, як праходзілі на працягу дзясяткаў гадоў гэтыя складаныя перамовы — а за імі і сам выкуп палітвязняў. Наша журналістка сустрэлася з Янам Вольбернам у Кіеве, каб зразумець, што стаяла за гэтымі ўгодамі:
— Усё пачалося ў 1963 годзе, усяго праз год пасля крызісу на Кубе, калі свет стаяў на мяжы ядзернай вайны. Гэта значыць, усё пачалося ў момант, калі абодва бакі зразумелі, што сітуацыя больш не можа развівацца так, як развівалася апошнімі гадамі. І гэты гандаль зняволенымі быў спробай зразумець, як далёка мы можам зайсці, ці можам мы заключаць дамоўленасці з іншым бокам.
І ў 1964 годзе гаворка ішла ўжо больш як пра сотню палітвязняў, якіх абменьвалі на тавары. Калі ў першай угодзе ў 1963 годзе за палітвязняў плацілі наяўнымі, то ў другі раз, у 1964-м, выкуп быў у выглядзе тавараў. І гэта было пачаткам гандлю людзьмі, калі хочаце назваць гэта так. Або — пачаткам выкупу палітвязняў.
Абодва бакі былі зацікаўленая, каб трымаць гэтыя ўгоды ў сакрэце. І асабліва ў гэтым была зацікаўленая Усходняя Германія. Па-першае, гэта магло нашкодзіць іміджу.
— А па-другое, адкрытая інфармацыя аб гэтых схемах магла справакаваць сітуацыю, калі людзі імкнуліся б патрапіць у турму, каб быць выкупленымі і з'ехаць на Захад. І былі выпадкі, калі так і адбывалася, — кажа доктар Вольберн.
Калі збіраешся бегчы на Захад, запішы тэлефон Фогеля
У фільме Спілберга вы маглі ўбачыць вобраз чалавека, які адыграў найважнейшую ролю ў гэтых перамовах. Гэта ўсходнегерманскі адвакат Вольфганг Фогель (у фільме яго сыграў нямецкі акцёр Роберт Кох). У пачатку 60-х Фогель удзельнічаў у перамовах па абмене Абеля на Паўэрса, і ён стане галоўным перамоўнікам паміж Захадам і Усходам у наступныя дзесяцігоддзі.
— Фогель адыграў найважнейшую ролю ў працэсах абмену, — кажа Штэфі Ліман. — Я надаю яму такое важнае значэнне, таму што дамоўленасці адзін з адным заключалі не ўрады, а менавіта адвакаты. Вядома, адвакаты павінны былі атрымаць адабрэнне ад вышэйшых органаў, але... менавіта яны дамаўляліся адзін з адным.
Да 80-х гадоў многія з тых, хто планаваў уцёкі на Захад, ужо ведалі імя Фогеля, дадае Вольберн:
— Яны ведалі, што ёсць такі адвакат — Фогель. А ў яго ёсць нейкія кантакты з заходнім урадам, каб вызваляць палітвязняў. І калі хтосьці спрабаваў збегчы, то казаў сябрам: слухай, калі здарыцца так, што я траплю ў турму, калі ласка, скажы маім сябрам ці сваякам на Захадзе: хай актывуюць сувязі паміж заходнім урадам і Фогелем.
Што рабіла Фогеля такім асаблівым? Чаму менавіта гэтаму адвакату абодва ўрады даверылі такія неадназначныя ўгоды? Ці мог бы іншы юрыст ўзяць на сябе ролю Фогеля?
— Ён выглядаў як дыпламат. Ён мог дзейнічаць, мог трымацца як афіцыйны прадстаўнік, калі гаворка заходзіла пра гуманітарныя пытанні. І гэта тое, што вельмі шанавалі на Захадзе. Што ёсць чалавек, з якім яны могуць размаўляць. Хтосьці надзейны, — кажа доктар Вольберн. — Ён належаў да такога тыпу юрыстаў, якіх прымалі ў абодвух светах. У яго была ліцэнзія, якая адкрывала яму доступ да судоў у Заходняй Германіі, але таксама ў яго была ліцэнзія, якая дазваляла яму працаваць ва ўсходнегерманскай сістэме. Ён мог бываць у абедзвюх частках падзеленага Берліна. І ён карыстаўся даверам з боку ўсходнегерманскага ўрада.
А яшчэ ў яго былі сувязі з сакрэтнай паліцыяй, міністэрствам дзяржбяспекі Усходняй Германіі і людзьмі, якія ў канчатковым выніку прымалі рашэнні ў пытаннях выкупу палітвязняў. Па гэтай жа прычыне постаць Фогеля да гэтага часу неадназначна ўспрымаюць у Германіі.
— Гэта неадназначная фігура. Але вельмі цікавая асоба, — кажа Штэфі Ліман. — З аднагоу боку, ён шмат зрабіў для палітычных зняволеных. Яго адвакацкая фірма пастаянна была на сувязі з сем'ямі палітвязняў. Але ён служыў партыі.
Фогель і вонкава вылучаўся. У змрочным ГДР у яго быў "Мерседэс" залатога колеру — і на гэтым залатым аўто ён праводзіў да заходняй мяжы аўтобусы з палітвязнямі. Былі іншыя адвакаты, якія спрабавалі ўзяць на сябе яго ролю. Але ніхто з іх не быў Фогелем — не змог заручыцца даверам абедзвюх сістэм.
"Ён ніяк не ўзбагаціўся на мне"
У перакладзе з нямецкага прозвішча Фогеля азначае "птушка". І таму турму Касберг, дзе многія палітвязні чакалі выкупу, называлі "Птушыная клетка". Спадар Шлосер пазнаёміўся з Фогелем, калі быў у камандзіроўцы Берліне:
— Я вырашыў правесці час з карысцю, пайшоў на яго фірму і спытаў: у мяне ёсць прыяцель, які адправіў прашэнне з'ехаць у ФРГ. Што будзе з яго маёмасцю, зямлёй і домам?
Ён тады сказаў, што калі грамадзянін ГДР плануе з'ехаць на Захад, то яго ўласнасць павінны прадаць або перапісаць на членаў сям'і. Так-так, якая б ні была сума. Гэта не мае значэння. Ён казаў мне гэта і так прыязна ўсміхаўся, як бывае, калі чалавек ужо разумее: тут нешта не тое.
Шлосер сустрэне Фогеля яшчэ раз — калі будзе сядзець у турме ў чаканні выкупу. Адвакат скажа яму: больш не трэба будаваць самалёт, вы і так трапіце на Захад. Вас выкупляюць.
І пацвердзіць: так, ужо тады, у Берліне, ён зразумеў, што няма ніякага "сябра спадара Шлосера, які хоча з'ехаць на Захад". Ёсць сам Шлосер — і ён плануе ўцёкі.
Пасля ўз'яднання Германіі Фогеля судзілі за супрацоўніцтва са Штазі. Яго таксама падазравалі ў шантажы эмігрантаў і ў тым, што ён распрадаваў іх маёмасць па цане, ніжэйшай за рынкавую. Вярхоўны суд апраўдаў яго па ўсіх абвінавачваннях у 1998 годзе.
Што кажа пра гэта спадар Шлосер?
— Я нічога не магу сказаць з гэтай нагоды, бо ён зусім не ўзбагаціўся на мне, абсалютна ніяк. Ён атрымаў ад мяне даверанасць, дакумент, што прадстаўляе мае інтарэсы. І больш нічога. Усё астатняе было зробленае на дзяржаўным узроўні. Я не магу сказаць, што ён нейкім чынам узбагаціўся на мне матэрыяльна.
Колькі каштуе чалавек? А калі ён лекар? А калі актывіст?
Гісторыкі дагэтуль не да канца разумеюць умовы выкупу. Але вось як апісвае базавую схему тых дамоўленасцяў доктар Вольберн:
— На Захадзе была юрыдычная фірма, якая збірала імёны палітвязняў, і ў яе былі кантакты з усходнімі немцамі. Сабралі шмат імёнаў людзей, якія траплялі ў турмы Усходняй Германіі па палітычных матывах. Гэты спіс імёнаў перадавалі Фогелю, і ён аддаваў яго ў Штазі. Там правяралі спіс, вывучалі, хто і чаму ў ім апынуўся. І потым казалі: окей, гэтага чалавека мы можам прадаць, а гэтага — не, таму што, дапусцім, ён адседзеў толькі палову тэрміну, і яшчэ рана.
Урэшце гэтыя схемы сталі крыніцай даходу для ГДР. Ва Усходнюю Германію праз ФРГ з купляй палітвязняў прыйшло 3,4 мільярда марак (сёння гэта прыкладна 1,738 мільярда еўра).
— Але гэтая сума выплачвалася не гатоўкай, — кажа Вольберн. — Заходняя Германія перадавала тавары, якія можна было выкарыстоўваць, напрыклад, у прамысловасці Усходняй Германіі. А пад канец усходні рэжым навучыўся нейкім чынам перапрадаваць гэтыя тавары, каб атрымліваць за іх грошы і пераводзіць іх на банкаўскі рахунак ГДР. І з гэтага рахунку яны часта аплачвалі свае даўгі заходнегерманскім банкам. Гэта вельмі цікавая "кругавая эканоміка".
Так званая "цана зняволенага" пачыналася з 40 тысяч нямецкіх марак (каля 20 тыс. еўра). А пад канец існавання ГДР за палітвязня плацілі 96 тысяч марак (каля 49 тыс. еўра). Некаторыя каштавалі даражэй: напрыклад, лекары, якія былі патрэбныя ГДР. Або тыя, хто "шпіёніў" на карысць Захада і нібыта нанёс шкоду ўсходнегерманскаму рэжыму.
І таму што для ГДР усё гэта ператварылася ў крыніцу даходу, то і затрыманых станавілася ўсё больш.
— Так, ужо да 80-х гадоў палітвязняў саджалі ў турмы толькі таму, што, напрыклад, людзі падавалі прашэнне, каб іх выпусцілі на Захад. Такіх людзей арыштоўвалі па надуманых прычынах, — расказвае Вольберн.
Аўтобус на заходніх нумарах вязе выкупленых людзей з ГДР
Вернемся ў турму Карл-Маркс-Штадта. Умовы, у якіх тут утрымлівалі зняволеных, прыкметна адрозніваліся ад умоў у іншых турмах ГДР. Таму што на Захадзе ні ў якім разе не павінна было скласціся ўражання, быццам са зняволенымі на Усходзе дрэнна абыходзяцца.
Штэфані Ліман паказвае нам камеру:
— Людзі, якіх павінны былі выкупіць, маглі днём прылегчы на ложак. Сведкі таго часу расказваюць, што нават ежа ў тых, каго выкуплялі, была трохі лепшай, чым у простых зняволеных.
У гэтай турме вязні працавалі і маглі атрымаць крыху грошай. Але вывозіць ўсходнія грошы на захад забаранялася. Таму яны мусілі або адправіць ўсе свае зберажэнні сям'і, або купіць нешта ў мясцовай крамцы. Купіць можна было няшмат — чамаданчык, напрыклад, або крыху адзення.
Калі спадар Шлосер прыйшоў у гэтую краму, у ёй раскупілі амаль усё. Заставалася толькі дарожная сумка. І гэтую пустую сумку ён узяў з сабой на Захад — а рэшту грошай адправіў сям'і. Гэтую сумку — а яшчэ радыё, праз якое пачуў аб'яву ад "Аксель Шпрынгер", ён захоўвае дагэтуль.
Ён павінен быў прыляцець у Заходні Берлін на самалёце і атрымаць мільён заходніх марак ад "Аксель Шпрынгер" — але трапіў на Захад з адной пустой дарожнай сумкай.
У дзень вызвалення палітвязняў пераводзілі з камер у камфортныя турыстычныя заходнія аўтобусы. Паколькі ўгоды трымаліся ў сакрэце, аўтобусы былі таемныя. Нумарныя знакі на іх пераварочваліся націсканнем кнопкі. Па ГДР аўтобус ехаў на ўсходніх нумарах, а калі прыязджаў на Захад, нумары мяняліся на заходнія.
— І вы можаце сабе ўявіць, якія эмоцыі, якія пачуцці адчувалі людзі, якія на такіх аўтобусах перасякалі мяжу ГДР і ФРГ. Ёсць палітвязні, якія расказвалі нам, што ў аўтобусе была магільная цішыня. Таму што калі людзі заходзілі ў аўтобус, ім казалі: вы павінны маўчаць, ніхто не павінен ведаць аб куплі, аб перадачы людзей і наогул пра асаблівасці гэтага працэсу.
І людзі, якія заходзілі ў гэты аўтобус, былі ахопленыя жахам. Яны баяліся, што іх у любы момант выцягнуць адтуль — і вернуць у ГДР.
А былі сітуацыі, калі муж або жонка ў такім аўтобусе праз шмат гадоў адседкі ўпершыню сустракаліся, і ў такіх аўтобусах пралівалася вельмі многа слёз, — кажа Штэфані Ліман.
Спадар Шлосер заходзіў у той аўтобус на ватных нагах.
— Потым я даволі доўга сядзеў ля вакна і чакаў, пакуль аўтобусы адправяцца. Калі аўтобус пад'ехаў да мяжы, я адчуваў сябе вельмі дрэнна, мяне ледзь не званітавала. А потым мы апынуліся ў памежнай зоне. Я зразумеў, што падчас паездкі з аўтобуса выйшлі двое супрацоўнікаў Штазі. Было ўжо каля 18:00. Сцямнела.
Што ж цяпер? Аўтобус спыніўся — і стаіць. Я думаў: чаму? Чаму аўтобус спыніўся? Але ён не стаяў.
Нас везлі на раскошным турыстычным аўтобусе з пнеўматычнай падвескай. На ім вы б нават не заўважылі выбоіну на дарозе. Проста ў ГДР на дарогах засталіся толькі выбоіны. А ў Заходняй Германіі шаша была такой гладкай, што я вырашыў, быццам аўтобус стаіць.
Потым быў першы прыпынак на запраўцы, і я адчуў сябе лепей. І выйшаў, каб падыхаць заходнім паветрам.
Шлосер адкрыў майстэрню, як і марыў. І пабудаваў яшчэ тры самалёты — на адным з іх ён дагэтуль падымаецца ў неба. Апынаючыся ў турме Касберг, ён спакойна заходзіць у памяшканне, якое калісьці было камерай. І кажа, што не адчувае тут цяжкіх пачуццяў, а часам водзіць экскурсіі.
Магчымасці "прадаваць" палітвязняў толькі "падсілкавалі" спакусу ГДР узмацніць рэпрэсіі. Для Захаду гэта быў акт чыстага гуманізму, а для Усходу — чысты прыбытак.
— Можна стагоддзямі казаць пра палітычныя наступствы, але трэба зважаць і на тое, што гэта значыла для людзей, якіх вызвалілі, — кажа доктар Вольберн. — Я не ведаю ніводнага палітвязня, які сказаў бы, што не хацеў бы апынуцца на волі. А гэтая схема была адзінай на шляху да міру і свабоды. І калі вы пагаворыце з палітвязнямі, то ўбачыце: для іх гэтыя ўгоды прымальныя. І гэты ўплыў на чалавечае жыццё — гэта штосьці, на што нельга забывацца і што трэба падкрэсліваць, калі гаворка ідзе пра выкуп палітвязняў.
Але ці можна параўнаць гэтыя гісторыі пра ГДР з сітуацыяй, у якую трапілі беларусы? Ці магчыма проста "выкупляць" беларускіх палітвязняў з турмаў? Глядзіце фільм Еўрарадыё і шукайце адказы на гэтыя пытанні разам з намі.
Пры падтрымцы "Медиасети"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.