Пасля пажару ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску прайшлі затрыманні

Затрыманне ў Віцебску

Затрыманне ў Віцебску / t.me/pressmvd/

Пасля пажару ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску прайшлі затрыманні. Гэтыя людзі падазраюцца ў "парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі". Колькі іх, віцебская міліцыя не ўдакладняе. Затрыманні праводзілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку (а на відэа МУС — амапаўцы). У панядзелак у Першамайскім РАУС, дзе знаходзяцца затрыманыя, пабываў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Кубракоў удзельнічаў у пасяджэнні ў Віцебску "штабу", які разглядаў сітуацыю з пажарам. Да пятніцы рыхтуецца даклад Аляксандру Лукашэнку, які знаходзіцца ў Амане.

Пажар у гандлёвым цэнтры ў Віцебску здарыўся 13 снежня. Сярод 20 пацярпелых ёсць і ратавальнікі (адзін з іх — у рэанімацыі). Адна пацярпелая знаходзіцца ў цяжкім стане. Пакуль Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле Крымінальнага кодэкса, які адносіцца да парушэння правілаў пажарнай бяспекі. Але кваліфікацыя можа быць пашырана ці зменена "на больш сур'ёзныя артыкулы". Чакаюцца вынікі прызначаных экспертыз.

"Усе вінаватыя, безумоўна, павінны быць устаноўлены, ніхто нікога пакрываць, прыкрываць і адмазваць не будзе, — гаварыў у панядзелак у Віцебску кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты. — І па лініі ўладальнікаў, арганізатараў гэтага бізнесу, цэнтра, і па лініі ўсіх ведамстваў усе вінаватыя будуць устаноўлены".

Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі ўжо заявіў, што прычынай вялікага пажару ў гандлёвым аб'екце маглі стаць "шматлікія парушэнні, дапушчаныя ўласнікам гандлёвага цэнтра". А пакуль яму паведамілі "падрабязнасці, звязаныя, напрыклад, з той жа сістэмай электразабеспячэння гэтага аб'екта, са шматлікімі неузаконенными перапланіроўкамі крам, дзе працавалі арандатары, з парушэннямі фінансава-эканамічнай дзейнасці суб'екта".

Пачаліся праверкі на іншых аб'ектах згаданага ўласніка. Што да будынка гандлёвага цэнтра, дык яго збіраюцца знесці.

Пасля пажару ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску прайшлі затрыманні

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі