Еўракамісія аштрафавала Google на рэкордную суму — 2,42 млрд еўра
Еўракамісія аштрафавала Google на рэкордную суму — 2,42 млрд еўра. Такім чынам карпарацыя была пакараная за парушэнне антыманапольнага заканадаўства. Было вырашана, што яна злоўжывае дамінуючым становішчам на рынку пошукавых сістэм, паколькі пры фармаванні вынікаў пошуку тавараў дае перавагу ўласнаму сервісу Google Shopping. А іншыя кампаніі не атрымлівалі “шанца на канкурэнцыю”, еўрапейскія ж спажыўцы аказаліся пазбаўленыя “сапраўднай магчымасці выбару паслуг”, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.
Адзначаецца, што “з-за незаконных дзеянняў Google” наведвальнасць яго сервісу ў еўрапейскіх краінах павялічылася ў 14-45 разоў, а ў канкурэнтаў яна значна знізілася. Памер штрафу быў разлічаны на падставе выручкі, якую карпарацыя атрымала ад працы Google Shopping у 13 краінах ЕС, дзе былі зафіксаваныя парушэнні. Google атрымаў 90 дзён на іх выпраўленне, інакш яго чакаюць яшчэ большыя штрафныя санкцыі. У карпарацыі з рашэннем Еўракамісіі не згодныя і абмяркоўваюць магчымасць яго абскарджвання.