Еўракамісія: Беларусь не выканала ўсе рэкамендацыі па бяспецы АЭС
Беларусь не выканала ўсе рэкамендацыі па бяспецы АЭС перад пачаткам яе прамысловай эксплуатацыі. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльнай заяве Еўракамісіі.
"Выклікае шкадаванне, што Беларусь вырашыла пачаць прамысловую эксплуатацыю Астравецкай атамнай электрастанцыі, не выканаўшы ўсе рэкамендацыі па бяспецы, якія змяшчаюцца ў справаздачы па выніках стрэс-тэстаў ЕС ад 2018 года. Як неаднаразова заяўляла камісія, усе рэкамендацыі партнёрскай ацэнкі павінны быць выкананыя Беларуссю без прамаруджання", — гаворыцца ў заяве камісара Еўрасаюза па энергетыцы Кадры Сімсан.
Еўракамісія адзначае, што ліцэнзію на прамысловуэ эксплуатацыю АЭС выдаюць нацыянальныя ўлады. Аднак падкрэслівае, што неабходна забяспечыць максімальную бяспеку эксплуатацыі станцыі. "Гэта яшчэ больш важна, улічваючы блізкасць краіны да мяжы ЕС і сталіцы Літвы Вільні", — звяртаецца ўвага ў дакуменце.
Еўракамісія настойвае на празрыстасці ў пытанні БелАЭС, у тым ліку — на завяршэнні партнёрскай ацэнкі АЭС групай еўрапейскіх рэгулятараў у сферы ядзернай бяспекі (ENSREG).
Таксама ў заяве падкрэсліваецца, што сітуацыя з Беларускай АЭС з'яўляецца крыніцай павышанай занепакоенасці ў Еўрасаюзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.