Еўрапарламент абвясціў надзвычайную кліматычную сітуацыю

Еўрапарламент абвясціў надзвычайную кліматычную сітуацыю

Еўрапарламент абвясціў надзвычайную кліматычную і экалагічную сітуацыю. За такую рэзалюцыю 28 лістапада прагаласавалі дэпутаты, перадае Радыё "Свабода". Пры гэтым дакумент не мае абавязковага характару.

Дэпутаты рэкамэндавалі Еўракамісіі сачыць, каб усе заканадаўчыя і бюджэтныя рашэнні адпавядалі мэце Парыжскага пагаднення: не дапусціць глабальнага пацяплення больш чым на паўтара градуса паводле Цэльсія. У сваёй рэзалюцыі яны папрасілі Еўракамісію ўключыць мараходства ў агульную сістэму абмену квотамі газавай эмісіі.

Таксама еўрадэпутаты заклікалі ААН на канферэнцыі па клімаце ў Мадрыдзе ў снежні прыняць абавязанні па скарачэнні выкідаў парніковых газаў на 55% да 2030 года. 

У дакуменце таксама гаворыцца, што краіны Еўрасаюза з 2020 году павінныя падвоіць свае ўнёскі ў міжнародны Зялёны кліматычны фонд і спыніць субсідыі на выкапнёвае паліва.

Паводле звестак Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, у 2018 годзе канцэнтрацыя вуглякіслага газу перавысіла на 47% узровень даіндустрыяльнай эпохі (стадыя развіцця грамадства да сярэдзіны XVIII стагоддзя).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі