Еўрапейскія палітыкі паспачувалі Арменіі, якая хоча ўступіць у Мытны саюз

3 верасня пасля сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным яго армянскі калега Серж Саргсян заявіў аб жаданні сваёй краіны далучыцца да Мытнага саюза. Арменія ўжо гатова распачаць неабходныя практычныя крокі.

У Еўрасаюзе, з якім Арменія нібыта збіралася падпісаць пагадненне аб асацыяцыі і пакт аб вольным гандлі, такой навіне здзівіліся.

“У нас адбываюцца вельмі шчыльныя кансультацыі з армянскімі партнёрамі. Калі ў нас будзе ўся інфармацыя, канешне, мы будзем вывучаць усе магчымыя наступствы таго, аб чым было заяўлена”, — паведамілі сайту EUobserver у прэс-службе Еўракамісіі.

Ці атрымалася б у Арменіі ўседзець у двух чоўнах? Наўрад ці, лічаць у Літве, якая зараз старшынствуе ў ЕС. “Франс-прэс” перадае словы прэм’ер-міністра Літвы Лінаса Лінкявічуса:

“Калі Арменія вырашыць далучыцца да Мытнага саюза, гэта значыць, што яна не зможа падпісаць пагадненне аб вольным гандлі з ЕС”.

EUobserver піша, што Расія з’яўляецца галоўным гарантам бяспекі для Арменіі ў пытанні замарожанага канфлікта з Азербайджанам (з-за спрэчнага Нагорнага Карабаха). Старшыня камітэта Еўрапарламента па замежных справах Эльмар Брок увогуле лічыць, што Расія ўцягвае Арменію ў Мытны саюз, шантажуючы Нагорным Карабахам. Ён выказвае спачуванні руху Арменіі ў бок Мытнага саюза, але спадзяецца, што да Віленскага саміта “Усходняга партнёрства” нешта можа змяніцца. Еўрасаюз жа, на думку нямецкага еўрадэпутата, мог бы быць больш заангажаваным у армянскія рэаліі. 

Эльмар Брок: “Еўрапейскі саюз, які раней не займаўся гэтым пытаннем, мусіць праяўляць большую цікаваць у вырашэнні замарожаных канфліктаў”.

З іншага боку, заявы прэзідэнта Арменіі можна ўспрымаць як дыпламатычную гульню, мэта якой — павысіць сваю пазіцыю ў перамовах з Расіяй. Але, калі Арменія мае сапраўды сур’ёзныя намеры па ўдзеле ў еўразійскіх праектах Крамля, на “еўрапейскія настроі” іншых краін рэгіёна гэта наўрад ці паўплывае, лічыць беларускі палітолаг Алесь Лагвінец.

Алесь Лагвінец: “Калі казаць пра Грузію, Малдову і Украіну, там і на ўзроўні дзяржаўных інстытуцый, і на ўзроўні грамадскай думкі ёсць пазітыўнае ўспрыманне еўрапейскай інтэграцыі”.

Цікава прыгадаць, што пару тыдняў таму разгарэлася “гандлёвая вайна” паміж Расіяй і Украінай. Многія эксперты тлумачылі яе жаданнем Масквы адбіць у Кіева ахвоту да еўраінтэграцыі, бо ўжо ў лістападзе Украіна можа падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС на ўсё тым жа Віленскім саміце “Усходняга партнёрства”. 

Фота: armradio.am

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі