Еўрарадыё адзначае сваё 10-годдзе
26 лютага 2006 года адбыўся першы эфір Еўрарадыё. З варшаўскай студыі цягам 16 гадзін на суткі гучалі праграмы і музыка. Навіны выходзілі раз на гадзіну.
Сёння вяшчанне вядзецца 24 гадзіны на суткі, амаль увесь кантэнт уласны, а актуальныя навіны выходзяць раз на 20 хвілін. FM-хвалі ў Беларусі Еўрарадыё не мае, аднак СМІ мае афіцыйна зарэгістраваны карэспандэнцкі пункт, у якім працуе 10 акрэдытаваных журналістаў.
Усе матэрыялы аператыўна выстаўляюцца на сайце euroradio.fm. У Еўрарадыё ёсць магчымасць рыхтаваць аб’ектыўную і ўзважаную інфармацыю.
“Мы выбралі мадэль, рэалізаваць якую ў Беларусі дагэтуль няма магчымасці. Хоць калі разглядаць радыё і тэлебачанне, у Беларусі альтэрнатывы Еўрарадыё няма. Ніхто з зарэгістраваных электронных СМІ не можа прадастаўляць аб’ектыўную і незалежную ад беларускіх уладаў інфармацыю. Многія не маюць магчымасці працаваць і распаўсюджваць інфармацыю на тэрыторыі Беларусі”, — адзначае прэзідэнт праўлення Еўрарадыё Дзмітрый Новікаў.
Некаторыя матэрыялы Еўрарадыё ўплывалі на беларускае заканадаўства. У многіх герояў матэрыялу атрымлівалася дабівацца справядлівасці, калі іх гісторыямі займаліся нашы журналісты.