Еўрасаюз не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краін ЕС адмовіліся прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта 19 жніўня заявіла канцлер ФРГ Ангела Меркель па выніках надзвычайнага саміту ў Бруселі.
Меркель падкрэсліла, што галасаваньне не было ні справядлівым, ні свабодным. Яна асудзіла гвалт з боку ўлады супраць мірных дэманстрантаў і заявіла, што ўсе палітвязні павінны быць вызваленыя, перадае DW.
Кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль таксама падкрэсліў, што вынікі выбараў у Беларусі не будуць прызнаныя. А Еўрасаюз увядзе санкцыі супраць тых, хто адказны за гвалт у краіне і фальсіфікацыю на выбарах.
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у сваім выступе адзначыла, што Брусель гатовы "суправаджаць мірную дэмакратычную перадачу ўлады ў Беларусі". Для падтрымкі беларускага народа ЕС вылучыць дапамогу ў 53 мільёны еўра. Два мільёны еўра з гэтай сумы прызначаныя на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў, яшчэ адзін мільён — на падтрымку грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных СМІ. Астатняя сума — у рамках экстранай дапамогі на барацьбу з каранавірусам для сістэмы аховы здароўя, дадала Фон дэр Ляен.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.