Еўропа нацэльваецца на багатых турыстаў з Кітая

Кітайцы ўсё часцей наракаюць на адпачынак у роднай краіне. Іспанскае выданне El Pais распавядае гісторыю Лін Ксі. Яна аказалася сярод 4 тысяч чалавек, якія вырашылі паехаць на святы ў пачатку кастрычніка ў нацыянальны парк Цзучжайгоў.

 

Лін Ксі: “Было шмат людзей, якія не змаглі з’ехаць, бо не было дастатковай колькасці аўтобусаў. Там не было, дзе застацца, і таму людзі пачалі злавацца і патрабаваць свае грошы назад”.

 

Такія эксцэсы ў Кітаі не рэдкасць, бо мясцовая турыстычная індустрыя не можа справіцца са сваімі суайчыннікамі. У кітайскім Савеце па турызме чакаюць больш за тры мільярды турыстычных паездак у гэтым годзе.

 

Пасля непрыемнага досведу Лін Ксі вырашыла, што будзе збіраць грошы і ў наступны свой адпачынак паедзе за мяжу. І яна такая не адна, піша El Pais:

 

“Сусветная турыстычная арганізацыя сцвярджае, што летась 83 мільёны кітайцаў адпачывалі за мяжой у восем разоў больш, чым у 2000 годзе. Кітайцы абагналі расіян як асноўных спажыўцоў бязмытных тавараў у Еўропе, а ў 2012-м абагналі немцаў па суме, якую яны трацяць на вандроўкі. Летась яны патрацілі 78,4 мільярда еўра”.

 

Апошнім часам вельмі актыўна сталі заляцацца да кітайскіх турыстаў і еўрапейскія краіны. Напрыклад, у Вялікабрытаніі вырашылі спрасціць працэдуру атрымання віз для багатых кітайцаў, калі палічылі, што тыя выдаткуюць больш грошай у Парыжы, чым у Лондане. Мяркуецца, што кітайцы змогуць атрымоўваць брытанскую візу разам з шэнгенскай, напісаўшы толькі адну заяву без дадатковай анкеты. А пачынаючы з наступнага лета, сама віза будзе рабіцца на працягу 24 гадзін.

 

А ў Швейцарыі задумалі паставіць кітайцаў на лыжы. Спачатку запрасілі восем дэлегатаў, якім прадэманстравалі галоўныя лыжныя трасы. А цяпер будуць вербаваць астатніх.

 

“У Кітаі налічваецца каля пяці мільёнаў лыжнікаў пры насельніцтве 1,3 мільярда чалавек. Швейцарскія чыноўнікі атрымаюць зваротную сувязь ад кітайскіх гасцей адносна таго, як лепш прыцягнуць кітайскіх турыстаў, многія з якіх аддалі б перавагу фотаздымцы на свежым горным паветры, а не лыжам”,піша The Local.

 

Вялікія планы маюць і ў той жа Іспаніі. Тут не пабаяліся не самай лепшай рэпутацыі кітайскіх турыстаў і пастанавілі лічбу ў мільён кітайскіх гасцей у 2020 годзе (для параўнання: у студзені-ліпені бягучага года пірэнейскую краіну наведалі 112 тысяч кітайцаў). Але спачатку самі іспанцы мусяць загаварыць па-кітайску. Бо інакш, як сцвярджаюць у іспанскім консульстве ў Шанхаі, прыцягнуць больш турыстаў з Паднябеснай не атрымаецца.

Фота: huffingtonpost.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі