Facebook праверыць асобы блогераў з папулярнымі старонкамі
Кіраўніцтва сацыяльнай сеткі Facebook паведаміла, што праверыць асобы ўсіх карыстальнікаў, чые старонкі карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. Такім спосабам кампанія змагаецца з распаўсюдам фэйкавых навінаў і прапаганды. Кіраўнік Facebook Марк Цукерберг сказаў, што ўсе папулярныя старонкі пройдуць праверку і тым карыстальнікам, да якіх будуць прэтэнзіі, забароняць размяшчаць паведамленні. Такія захады перашкодзяць выкарыстоўваць фэйкавыя акаўнты, каб схаваць сваю асобу.
Цукерберг таксама падтрымлівае прапанову рэгуляваць палітычную рэкламу. Калі новыя правілы прымуць, то сацыяльным сеткам давядзецца збіраць болей інфармацыі, хто менавіта стварае такую рэкламу. Самі па сабе гэтыя захады не спыняць тых, хто спрабуе падмануць сістэму, але, прынамсі, істотна ўскладняць ім жыццё, мяркуе Цукерберг.
Ад усіх, хто размяшчае палітычную рэкламу, Facebook стане патрабаваць амерыканскае пасведчанне асобы і амерыканскі адрас. На гэты адрас будуць высылаць поштай унікальны код, з дапамогай якога можна будзе запусціць рэкламу.
Як паведамляе ВВС, прадстаўнікі кампаніі пакуль не ведаюць, што менавіта будуць лічыць “буйнымі старонкамі”. Усе гэтыя захады скіраваныя найперш супраць “расійскіх троляў”, якія спачатку ствараюць нейтральныя старонкі, а потым, набраўшы падпісчыкаў, мяняюць іх назвы на адкрыта палітычныя.