Фактчэк. Ці прышчэпліваюцца беларусы ад грыпу сёлета актыўней, чым летась?
Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА, спасылаючыся на Міністэрства аховы здароўя, заявіла 25 лістапада, што, "па дадзеных на пачатак лістапада, у Беларусі вакцынавана ад грыпу каля 21% насельніцтва. У Міністэрстве аховы здароўя адзначалі, што ў гэтым годзе беларусы прышчапляюцца больш актыўна, чым у 2017".
Калі паглядзець першакрыніцу заявы, дзе гаворыцца пра вакцынацыю і 21% насельніцтва, то мы выходзім на навіну БЕЛТА ад 6 лiстапада. Спасылаючыся на начальніцу аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іну Карабан, інфармагенцтва піша: "У Беларусі сёння вакцынавана супраць грыпу каля 21% насельніцтва. Іна Карабан адзначыла, што ў гэтым годзе беларусы, магчыма, прышчапляюцца нават больш актыўна".
“Магчыма”. Вось тое слова, якое прапала ў навіне БЕЛТА за 25 лістапада, і тым самым стварыла непраўдзівую інфармацыю. Падобна, у агенцтве палічылі, што яно стварае непатрэбны арэол няўпэўненасці. Чыноўнік сумняваецца, а БЕЛТА — не.
Ці прышчапляліся беларусы ад грыпу менш актыўна год таму?
У навіне пра вакцынацыю за 2017 год са спасылкай на намесніка галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі Ірыну Глінскую паведамляецца: на 16 лістапада 2017 года вакцынавана каля 3,5 мільёна чалавек, ці 35% насельніцтва.
Бясплатная вакцынацыя ад грыпу праводзіцца ў Беларусі з 1 кастрычніка па 1 снежня, а платная пачынаецца яшчэ раней. Малаверагодна, што за дзесяць дзён у лістападзе 2018 года медыкі змаглі прышчапіць 1,4 мільёна чалавек.
Міністэрства аховы здароўя штогод рапартуе, што вакцынацыя ад грыпу ў Беларусі ахоплівае ледзь не 40% насельніцтва. На гэта з рэспубліканскага бюджэту выдаткоўваюца вялікія грошы. Толькі ў 2018 годзе "Белфармацыя" закупіла антыгрыпознай вакцыны на 6,4 мільёна долараў. Увогуле, эфектыўнасць вакцын супраць грыпу застаецца вельмі спрэчнай.