Фактчэкінг: Падатковыя не ведаюць, што яны вяртаюць падатак “дармаедам”

Фактчэкінг: Падатковыя не ведаюць, што яны вяртаюць падатак “дармаедам”

Намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка на прэс-канферэнцыі паведамляе, што падатковыя пачалі вяртаць грошы тым, хто заплаціў збор за дармаедства ў мінулым годзе і ўжо уладкаваўся на працу.

Еўрарадыё патэлефанавала ў некалькі раённых падатковых інспекцый і высветліла, што там нічога такого не ведаюць!

Падатковая Першамайскага раёна Мінска: "Пакуль гэтае пытанне яшчэ практычна не распрацаванае. Распараджэння такога ў інспекцыі няма, прынамсі нам такога распараджэння накіравана не было".

Падатковая Заводскага раёна Мінска: "На падставе заявы фізічныя асобы павінны звярнуцца ў аддзел адміністрацыйных працэдур. Якія дакументы патрэбныя, я вам не падкажу, бо нам яшчэ ніякага афіцыйнага дакумента не прыходзіла наконт гэтай працэдуры".

Падатковая Вілейскага раёна: "Для таго, каб вярнуць гэтыя грошы, вам давядзецца выканаць пэўныя ўмовы, напрыклад, вы павінны быць працаўладкаваны. Але праблема ў тым, што мы не ведаем, колькі вы павінны працаваць у 2017 годзе, каб вам іх вярнулі. Пакуль мы не вяртаем. Гэта ўсё плануецца на 2018 год, цяпер мы ніякага распараджэння не атрымлівалі. Указ да канца не дапрацаваны, ён разглядаецца, распрацоўваецца, так што, пакуль я дакладна сцвярджаць не магу, што і як мы будзем рабіць".

Падатковая Барысаўскага раёна: "Цяпер мы не вяртаем грошы, бо ніякіх новых указанняў не атрымлівалі. Пакуль можна як і раней звярнуцца ў фінаддзел выканкама, сабраць вялікі пакет розных дакументаў, на разгляд камісіі, і калі выканкам вырашыць вызваліць вас ад падатку, толькі тады мы вяртаем. Праект гэтага новага дакумента цяпер толькі разглядаецца кабінетам міністраў".

Нават у галоўнай інспекцыі МПЗ па горадзе Мінску не могуць нічога сказаць пра тое, колькі “дармаедаў” вярнулі свае грошы: "На сёння ніякай статыстыкі пакуль яшчэ няма. У пятніцу ўсё гэта толькі апублікавалі, суботу і ў нядзелю падатковыя не працавалі, вось сёння пойдуць першыя людзі, і дзесьці ў канцы тыдня будзем падводзіць статыстыку".

Намесніца начальніка інспекцыі па Мінску Галіна Гурыновіч распавяла Еўрарадыё, што трэба рабіць, каб вам вярнулі грошы: "Калі вы аплацілі падатак на дармаедства, а цяпер хочаце яго вярнуць, то вы, па-першае, павінны быць працаўладкаваны, па-другое ў 2017 годзе вы павінны ўдзельнічаць у праграме фінансавання дзяржвыдаткаў больш за 183 дні. Калі вы падыходзіце пад гэтыя дзве ўмовы, то вам трэба прыйсці ў падатковую па месцы рэгістрацыі і напісаць заяву, якая будзе разглядацца на працягу 30 дзён, пасля чаго грошы будуць вам вернутыя".

Кіраўнік краіны прыпыніў спагнанне “збору за дармаедства” 9 сакавіка. Збор заплацілі 51,6 тысячы чалавек. Усяго бюджэт атрымаў ад “дармаедаў” ужо 15,6 мільёна рублёў. Паведамленні на выплату збору атрымалі больш за 470 тысяч чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі