ФБР ЗША ўдзельнічала ў затрыманні ў Беларусі хакера
У Беларусі ў Гомельскай вобласці затрыманы удзельнік міжнароднай кіберзлачыннай групоўкі "Андрамеда". Яе дзейнасць была спынена Следчым камітэтам і Упраўленнем "К" МУС Беларусі сумесна з ФБР ЗША.
Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, праваахоўнікам стала вядома, што беларус з'яўляецца адным з удзельнікаў міжнароднага форума кіберзлачынцаў, прадае шкоднаснае праграмнае забеспячэнне, з'яўляецца адміністратарам форумаў хакераў. Яго асобу ўдалося высветліць. Пасля гэтага супрацоўнікі ФБР купілі ў 34-гадовага беларуса шкоднаснае праграмнае забеспячэнне. Спецыялісты пацвердзілі, што яно дазваляе "шпіёніць" за карыстальнікам інтэрнэту.
Следчыя цяпер падлічваюць, які даход атрымаў хакер ад незаконнай дзейнасці (напрыклад, ён прадаваў шкоднаснае праграмнае забеспячэнне за 500 долараў). Ужо пасля затрымання беларуса ў канцы лістапада праводзілася глабальная міжнародная аперацыя. Праваахоўнікі выявілі прадаўцоў, уладальнікаў сервераў і карыстальнікаў згаданых праграмаў.
Затрыманаму грамадзяніну Беларусі выставілі абвінавачанне ў распрацоўцы, выкарыстанні ці распаўсюдзе шкоднасных праграмаў. Мужчына знаходзіцца пад вартай, дае паказанні і супрацоўнічае са следствам.