FEMEN: Прастытуцыя і вольнае мысленне ніяк не звязаныя

11-га чэрвеня польскія прастытуткі ў адказ на акцыю Фэмэн супраць прастытуцыі зладзілі акцыю за сваё права займацца ёю.

120612 Shauczenka s.mp3

Еўрарадыё: Акцыя ў Польшчы за падтрымку прастытуцыі — як вы яе ацэньваеце? Ці лічыце, што яна была зробленая вам на злосць?

Іна Шаўчэнка: Мы, як грамадскія дзяячкі, заўсёды радыя кожнай праяве жаночай актыўнасці. Мы радыя бачыць, калі жанчыны выражаюць свае погляды пратэстамі, але ў гэтым выпадку наўрад ці такі акт можна ўспрымаць як праяву жаночага пункту гледжання. Прастытуцыя і вольнае мысленне ніяк не звязаныя, бо прастытуцыя — гэта бізнэс не прастытутак, а мужчын-суценёраў, сэкс-босаў. Таму мы, вядома, разумеем, што гэтая акцыя была зробленая пад кіраўніцтвам суценёраў, якія выкарыстоўваюць сэкс-нявольніцаў нават дзеля таго, каб яны пратэставалі супраць FEMEN. Шчыра вам скажу, што мы нават радыя, што такі акт быў здзейснены, бо гэта пацвярджае, што дзейнасць FEMEN пужае сэкс-індустрыю, суценёраў і прастытутак. 

Еўрарадыё: У польскім фондзе La strada па дапамозе жанчынам, якіх прыцягнулі да прастытуцыі, нам паведамілі, спасылаючыся на досвед гаспадароў першынства Еўропы па футболе 2008 года — Аўстрыі і Швейцарыі, што колькасць прастытутак падчас такога кшталту мерапрыемстваў не павялічваецца.Чаму вы лічыце, што Еўра-2012 прывядзе да актывізацыі прастытуцыі?

Іна Шаўчэнка: Кожнае спартовае мерапрыемства, на якое прыязджаюць фанаты-мужчыны, спрыяе развіццю сэкс-індустрыі, бо арганізатары такіх фестываляў зацікаўленыя ў атрыманні грошай. І вядома — што яны прапануюць мужчынам? Піва, футбол і сэкс. І тут ахвярай заўсёды становяцца жанчыны. Пра гэта кажа гісторыя. У Нямеччыне была легалізаваная прастытуцыя акурат перад чэмпіянатам свету ў 2006-м годзе. Нядаўна я вярнулася з Гамбурга і я зніякавела ад таго, што робіцца на вуліцах развітай Нямеччыны, дзе кожныя 10 метраў стаяць дзяўчыны сэкс-нявольніцы, якія прадаюць сябе за 20 еўра на гадзіну, працуюць ад відна да відна, аказваючы сэксуальныя паслугі для мужчын. Жах бачыць такую з’яву ў XXI стагоддзі ў такіх развітых краінах, як Нямеччына. 

Еўрарадыё: А што зараз ва Украіне адбываецца ў сувязі з Еўра-2012?

Іна Шаўчэнка: Ва Украіне сэкс-босы павысілі кошты ўдвая. Жанчына — гэта толькі інструмент для іх, каб зарабіць грошай. Цяпер на цэнтральных вуліцах Кіева больш бардэляў, чым аптэк і харчовых крамаў. Украіна ператварылася ў вялізны бардэль, і гэта ўсё заслуга арганізатараў Еўра-2012  — UEFA і ўкраінскай улады, якая патурае ўсім патрабаванням UEFA. 

Еўрарадыё: У Варшаве плануецца “чырвоны марш” расійскіх заўзятараў. Ці будзеце вы нейкім чынам пратэставаць супраць гэтага?

Іна Шаўчэнка: Мы не будзем атакаваць асобных акцый і маршаў фанатаў. Мы маем намер атакаваць саму арганізацыю Еўра-2012 і тыя акцыі, дзе будуць прысутнічаць арганізатары-суценёры. Арганізатары Еўра-2012 з’яўляюцца суценёрамі, якія ператвараюць нашую краіну ў бардэль. На такіх мерапрыемствах вы можаце чакаць дыверсіі FEMEN.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі