Фестываль Be Free: засталося менш за месяц

Да беларускага фэста ў Львове засталося менш як месяц. Арганізатары зараз знаходзяцца ўва Украіне – працуюць на месцы разам з мясцовымі партнёрамі з Саюза украінскай моладзі, вядуць перамовы з уладамі горада, якія не толькі прыязна паставіліся да мерапрыемства, але і ласкава аддалі пад беларускі фэст цэлых дзве пляцоўкі! Да таго ж яны плануюць выдзяліць месца пад бяслатнае нaмётавае мястэчка. Гэты ўжо другі Be Free. Першы фестываль праходзіў таксама ва Украіне, у Луцку ў верасні міналуга году. Адзін з арганізатараў Віталь Супрановіч параўноўвае сёлетні фэст з мінулагоднім і кажа, што гэтым разам усё адбываецца маштабней:

Супрановіч: У тым годзе быў усяго адзін дзень – зараз гэта 2 дні. Больш зручны час, каб прыехалі студэнты, даехаць прасцей, таму і людзей будзе больш. Львоў недалёка ад Польшчы – думаю і польскія фанаты прыедуць.

Завабіць аматараў добрай музыкі могуць сапраўдныя зоркі з Украіны («Тартак») і Польшчы – T.Love, Rockaway і Metanoia. Апошнія трапілі на Be Free як пераможцы польскага фэсту Rocko-Go. Таксама (для беларускіх фэстаў гэта амаль экзатычна) ў Be Free прыме удзел французкі гурт Vladivostok.

Хто ж будзе прадстаўляць на фестывалі беларускі бок? Neuro Dubel, Ulis, Krama, Zet, Zygimont Vaza і яшчэ шмат калектываў рознай стылістыкі. У тым ліку WZ-Orchestra, які будзе выступаць на асобнай фолк-пляцоўцы разам са “Старым Ольсам” і яшчэ 4-ма гуртамі. Зміцер Вайцюшкевіч кажа, што для яго персанальна і для беларускіх музыкаў вельмі важна мець магчымасць выступаць на буйных open-air’ах з добрым святлом і гукам, каб не губляць кваліфікацыю. Жартуе, што яму таксама хацелася б быць бі і фры. А таксама дзеліцца тым, што яму вельмі імпануе месца правядзення – горад Львоў:

Вайцюшкевіч: Львоў – гэта тое месца, дзе яшчэ няма еўрапейскіх законаў – ўсё рэканструяваць, перабудаваць. Ён мае пэўны дух. Я б увогуле хацеў бы паехаць і застацца там на тыдзень, каб можна было завіснуць там на камунальнай кватэры паэтычнай, пазнаёміцца, закахацца, калі пашчасціць.

Адзін з арганізатараў Слава Корань з гурта Ulis мяркуе, што падобных фестаў, дзе маюць магчымасць выступіць беларускія зоркі і маладыя музыкі мусіць быць больш.

Корань: Мы спрабуем зрабіць яшчэ адзін фэст. Ён – не альтэрнатыва Басовішчу. Ён яшчэ адзін. І калі будзе яшчэ, і яшчэ, дзе беларускія гурты маглі б выступаць, мы наўпрост пакажам, што яны робяць тое ж самае, што і астатнія музыкі за межамі нашай краіны.

Слава Корань зазначае таксама, што на Беларусі ёсць таксама моладзевая культура.
Таму ў рамках фэста выступяць тры гурты, якіх абяруць слухачы Еўрарадыё і арганізатары фестывалю. Таксама паехаць на фэст пашчасціць аматарам добрай музыкі, якія будуць галасаваць і пакідаць каментары пра свае ўлюбёныя гурты-канкурсанты. Больш падрабязна пра сам фэст, конкурсы, галасаванні - на нашым сайце euroradio.fm.


Праграма фестываля:

9 жніўня, субота:

Рок-сцэна, Парк культуры імя Багдана Хмяльніцкага
14.00-22.00

Пачатак праграмы: выступы 3-х маладых гуртоў, пераможцаў конкурсу Еўрарадыё
  • BN (BY)
  • PARTYZONE (BY)
  • INCUNABULA(UA)
  • POMIDOR/OFF(BY)
  • ROCKAWAY
  • ZYGIMONT VAZA(BY)
  • VLADIVOSTOK(FR)
  • ZET(BY)
  • T.LOVE(PL)

10 жніўня, нядзеля

Фольк-сцэна, Плошча Рынак
12.00-17.00

  • P.L.A.N.(BY)
  • ЯР(BY)
  • ДЖАМБІБУМ(BY)
  • LITVINTROLL(BY)
  • STARY OLSA(BY)
  • WZ-ORKIESTRA(BY)

Паказальны выступ рыцарскіх клубаў (Украіна)


Рок-сцэна, Парк культуры імя Багдана Хмяльніцкага

16.00-22.00

  • HY4(UA)
  • IQ-48(BY)
  • METANOIAPL)
  • KRAMA(BY)
  • ULIS(BY)
  • NEURO DUBEL(BY)
  • ТАРТАК(UA)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі