Фізік: Замяніць адзін энергаблок на АЭС могуць каля 600 ветракоў

121011_martynovi4_aes.mp3

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк упэўнівае, што альтэрнатываў АЭС няма.

Міхаіл Міхадзюк: “Быў толькі што на канферэнцыі ў МАГАТЭ. Амаль усе ўдзельнікі выказаліся за развіццё атамнай энергіі. Нават Германія не ведае, чым замяніць. Што тычыцца нашай краіны, то ў нас няма іншай альтэрнатывы. Цяперашняе стагоддзе — гэта стагоддзе ядзернай энергетыкі”.

Спрабуем знайсці альтэрнатыву атамнай энергіі. На форуме “Energy expo” заўважаем стэнд нямецкай кампаніі з ветраком. Прадстаўнік Андрэй Русы ўпэўнівае: ветракі ў Беларусі будаваць магчыма…

“У нас ёсць месцы — 300 метраў над узроўнем мора. Яшчэ плюс 10 метраў мачты — гэта прымальна для ўстаноўкі ў 2,5 мегавата. Цяпер праводзіцца даследаванне, каб размясціць парк у 60-70 мегават”, — расказвае Андрэй.

Адзін энергаблок на АЭС могуць замяніць 600 сучасных ветракоў, кажа эколаг-фізік Андрэй Ажароўскі.

“Бярэм адзін рэактар на 1200 мегават. Возьмем вятрак на 6 мегават. У АЭС выхад энергіі тры чвэрці ад запланаванай. У ветрака чвэрць. Значыць, каб гарантавана замяніць АЭС, трэба 3600 мегават энергіі ад ветракоў. Такіх ветракоў трэба будзе каля 600. Далей, калі вятрак не будзе патрабаваць энергіі, то як толькі ён будзе пабудаваны, ён па эканоміцы пачне абганяць АЭС”, — тлумачыць Андрэй Ажароўскі.

Але ў Беларусі пакуль кажуць пра двухблочную станцыю, а гэта ўжо блізу 1200 ветракоў.

Прафесар, доктар тэхнічных навук Рыгор Лепін прапануе замест АЭС пераняць вопыт Германіі і… будаваць ветракі.

“У нас, кажуць, ветру мала. Сярэдняя частка Германіі валодае тымі ж ветравымі плынямі, што і Беларусь. Калі там едзеш, здзіўляешся, колькі там станцый ветравых. На 50 кіламетраў я аднойчы налічыў 100 генератараў”, — упэўнівае фізік.

І дадае, што ў Беларусі няма спецыялістаў, якія будуць праектаваць АЭС і працаваць на ёй. А ўніверсітэцкай адукацыі па гэтай спецыяльнасці — недастаткова.

Дарэчы, у Германіі цяпер працуе 9 АЭС, дзейнасць 19 прыпыненая. Першы ж блок Астравецкай АЭС плануецца запусціць у 2018 годзе.

Фота: zalaza.net

На фота - ветрак блізу Нарачы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі