“Фонд Ціханоўскай — тупік”: навошта беларусам плаціць за альтэрнатыўную дзяржаву
У беларусаў ужо ёсць прыклады, калі яны масава падтрымлівалі адзін аднаго грашыма / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Ініцыятывы беларусаў за мяжой становяцца больш моцнымі, будуючы альтэрнатыўную краіну ў выгнанні. На мінулым тыдні Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) адкрыла офіс у Вільні, а дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў пра пашпарты новай Беларусі, якія разглядаюцца ў ЕС. Павел Лібер ужо тэстуе прыкладанне “Лічбавая Беларусь”. Але ці можа гэта ўсё працаваць без грошай беларусаў і ці гатовыя яны плаціць за ўрад у выгнанні або за новы пашпарт і іншыя сервісы?
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, чаму гэта важна і як павінна працаваць.
“Велічэзны дэфіцыт рэсурсаў прыблізна на ўсё”
Cябра эканамічнай каманды Офіса Святланы Ціханоўскай і кіраўнік АВВА Яўген Буры кажа, што ABBA зацікаўленная, каб бізнэс займаўся не толькі сваёй непасрэднай функцыяй — зарабляць грошы, але і дапамагаў беларускай супольнасці, незалежна ад таго, дзе яна знаходзіцца і чым займаецца.
— Каго падтрымліваць канкрэтна — гэта справа выбару кожнага персанальна. Мы дакладна ведаем, што беларускія прадпрымальнікі адчуваюць сваю сацыяльную адказнасць, шмат хто дапамагае, але робіць гэта непублічна. Падтрымліваюць вязняў і іх сем’і, спансуюць культурніцкія і адукацыйныя праекты, дапамагаюць яшчэ шмат каму і чаму. І робяць гэта са свайго ўласнага жадання, бо хочуць памнажаць не толькі фінансавы, але і сацыяльны капітал.
20-ы год паказаў, што сярод прадпрымальнікаў ёсць велічэзны запыт на пошук сацыяльнай ролі ў грамадстве. Што яны могуць быць не толькі донарамі, але і актарамі, візіянерамі.
На думку прадпрымальніка Аляксандра Кныровіча, палітыка — гэта сервіс, за які абавязкова трэба плаціць.
— Калі беларусам патрэбная палітыка, яны павінны за яе плаціць. Беларусаў прывучалі стагоддзямі да нездаровай сітуацыі, калі ёсць дзяржава, якая ніякага дачынення да людзей не мае, яны не прымаюць удзелу ў яе рашэннях.
Некалі павінен адбыцца пераход ад сітуацыі, калі патэрналісцкая дзяржава як бы скідае зверху нейкія даброты, а народ павіненінен казаць “дзякуй” за любую якасць і колькасць гэтых даброт — яны ж нібыта бясплатныя.
Нармальная сітуацыя, да якой трэба прыйсці — гэта калі людзі разумеюць, за што і якім чынам яны плацяць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.