Ford страчвае грошы на электракарах, Кітай бачыць у ЗША партнёра. #ІхНоравы

Міжнародныя навіны

Міжнародныя навіны / @rubanau_collage

Філіпіны і Кітай могуць пачаць вайну з-за іржавага карабля, а ў Аўстрыі прадалі карціну Клімта, якую лічылі страчанай больш за 100 гадоў. Пра гэта і не толькі ў нашай штодзённай падборцы міжнародных навін.

Быць партнёрамі, а не супернікамі

Міністр замежных спраў Кітая Ван І перасцярог Вашынгтон ад умяшання ва ўнутраныя справы КНР. А Сі Цзіньпін на сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам прапанаваў супрацоўнічаць, а не супернічаць.

Усё гэта — рэакцыя на адрасаваныя Пекіну заклікі перастаць падтрымліваць расійскую ваенную агрэсію ва Украіне.

Па выніках візіту Блінкен заявіў, што калі Кітай не прыме меры для вырашэння праблемы, Вашынгтон гатовы прымяніць санкцыі ў дачыненні да Кітая.

"Пекін не зможа дасягнуць паляпшэння стасункаў з Еўропай, падтрымліваючы найбольшую пагрозу еўрапейскай бяспецы з часоў Халоднай вайны", — сказаў дзяржсакратар ЗША.

Ford нясе велізарныя страты за электрамабілі

Падраздзяленне электрамабіляў Ford за першы квартал 2024 года прадало 10 тысяч аўтамабіляў, што на 20% менш, чым у 2023-м. А выручка кампаніі ўпала на 84%, прыкладна да $100 млн. Ford патлумачыў такія страты зніжэннем цэн на электрамабілі ва ўсёй галіне.

Акрамя таго, страты ўключаюць сотні мільёнаў, выдаткаваных на даследаванні і распрацоўку электрамабіляў наступнага пакалення.

Прыбытак прамога канкурэнта Ford — кампаніі Tesla —таксама зменшыўся. Але не настолькі драматычна. У першым квартале 2024 года дзецішча Ілана Маска зарабіла на 48% менш, чым год таму.

Вайна з-за іржавага карабля

Каб умацаваць пазіцыі ў Паўднёва-Кітайскім моры, Філіпіны ў 1999 годзе наўмысна пасадзілі на мель дэсантны карабель часоў Другой сусветнай вайны. Судна ператварылася ў фарпост філіпінскага ваенна-марскога флоту і замацавала правы Манілы на спрэчны архіпелаг Спратлі.

З тых часоў вакол карабля Sierra Madre, які ўжо 25 гадоў стаіць на адным месцы, перыядычна ўспыхваюць канфлікты. Цяпер ён зноў зрабіўся эпіцэнтрам эскалацыі напружанасці паміж Філіпінамі і Кітаем. У канфлікт могуць быць уцягнутыя і ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі