Фотафакт: у Баранавічах устанавілі помнік Феліксу Дзяржынскаму
У Баранавічах устанавілі помнік Феліксу Дзяржынскаму. Яго перанеслі з вёскі Мілавіды Баранавіцкага раёна з былога калгаса імя Дзяржынскага. Некалькі гадоў таму калгас расфармавалі, а летам сёлета бюст ад былога будынка праўлення завезлі ў раённы цэнтр. Нядаўна яго ўстанавілі на тэрыторыі гарадскога ўпраўлення КДБ.
"У адпаведнасці з рашэннем мясцовых органаў улады бюст перанесены на тэрыторыю гарадскога ўпраўлення КДБ. Гэта будзе другое жыццё помніка", — цытуе словы Дзмітрыя Навіцкага, начальніка Баранавіцкага гарадскога аддзела ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці intex-press.by.
Адзначым, што Фелікс Дзяржынскі (1877 — 1926) — ураджэнец цяперашняга Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Паходзіў з беларускай шляхты. У Расійскай імперыі быў палітзняволеным, належыў да бальшавіцкай партыі. Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года ў Петраградзе стварыў Усерасійскую надзвычайную камісію па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, быў яе старшынёй. Адказны за масавыя рэпрэсіі супраць іншадумцаў, здзяйсняў "чырвоны тэрор".
Фота Руслана Равякі, intex-press.by