"Марская пяхота бальшавікоў". Што пісала беларуская газета пра Петраград 1917-га

"Марская пяхота бальшавікоў". Што пісала беларуская газета пра Петраград 1917-га

7 лістапада ў Беларусі святочны дзень — адзначаюцца ўгодкі рэвалюцыі (па іншай версіі — перавароту) ў расійскім Петраградзе. Партыя бальшавікоў на чале з Уладзімірам Ульянавым-Леніным захапіла ўладу ў расійскай сталіцы, а ў выніку грамадзянскай вайны — і ва ўсёй Расіі.

Еўрарадыё пагартала беларускую газету "Homan" ("Гоман"), якая ў той час выдавалася ў Вільні ды падрабязна асвятляла падзеі ў Петраградзе (Пецярбургу). На пачатку лістапада 1917-га выданне паведамляла пра хваляванні вайскоўцаў у расійскай сталіцы. А ў нумары ад 9 лістапада "Гоман" змяшчае падборку навінаў. Улады планавалі ўзарваць у горадзе масты "між рабочымі кварталамі і цэнтрам места (горада — Еўрарадыё)".

"Керанскі (прэм'ер часовага расійскага ўраду — Еўрарадыё) сказаў, што бальшавікі маняцца (збіраюцца — Еўрарадыё) захапіць у свае рукі ўласць і вызваць грамадскую вайну. Гэтым яны адкрываюць немцам фронт", — пісаў "Гоман". Як вядома, падзеі ў Петраградзе адбываліся ў той час, калі працягвалася Першая сусветная вайна. Расійска-нямецкі фронт праходзіў і праз Беларусь.

Звесткі пра падзеі ў Петраградзе віленская рэдакцыя атрымлівала таксама са Стакгольма і Капенгагена. Са сталіцы Даніі паведамлялі, што ў сталіцы Расіі "ўзнялася грамадская вайна". "Шмат на якіх вуліцах пабудаваны барыкады. Узняліся бітвы між народам і войскам. У работніцкіх кварталах пануе анархія. Бальшавіцкі рух пашыраецца. Рада міністраў пад маршалкоўствам (старшынствам — Еўрарадыё) Керанскага засядала ўсю ноч у Зімовым палацы, навокал якога пастаўлены гарматы", — чытаем у "Гомане".

Цікавае паведамленне перадала агенцтва Reuters: "Атрад марской пяхоты пад камандай камітэту бальшавікоў заняў гмах (будынак — Еўрарадыё) пецярбургскага тэлеграфнага агенцтва, цэнтральны тэлеграф, дзяржаўны банк і марское міністэрства, дзе засядала рада рэспублікі, якая разыйшлася".

У наступных нумарах "Гоман" таксама пісаў пра падзеі ў Пецярбургу, як пра "рэвалюцыю". Галоўнымі героямі навінаў сталі Ленін і Троцкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі