Фотафат: У Брэсце з'явіліся тралейбусы-гібрыды
Яны могуць апускаць "рогі" і ехаць без электрычнасці.
Як паведамляе сайт brestcity.com, некалькі дзён таму тры такіх тралейбусы пачалі курсіраваць па новым тралейбусным маршруце № 9.
Патрэба ў такіх машынах з'явілася з-за чыгункі ў мікрараёне "Вулька" — перасякаць пераезд з "рогамі" тралейбусу катэгарычна забаронена.
На прыпынку "Цветатрон" адмысловая машына апускае "рогі" і пераходзіць на дызель-генератарную ўсталёўку. Праз 3 кіламетры тралейбус зноў чапляецца за кантактную сетку і едзе далей. Цяпер на тралейбусе можна дабрацца і да мікрараёну Паўднёвы.
Напрыканцы траўня "гібрыды" сваім ходам прыехалі ў горад над Бугам з Мінску. У Беларусі падобнай тэхнікі пакуль няма нідзе, а ў Брэсце, акрамя гэтых, з'явяцца яшчэ тры тралейбусы.