Францыя абараняе канкан, а Еўрасаюз плануе адгарадзіцца плотам — #ІхНоравы

Французы ратуюць кабарэ і канкан / @rubanau_collage
Дачка Ілана Маска Вівіян Уілсан падтрымала думку, што яе бацька сапраўды зігануў падчас інаўгурацыі Дональда Трампа. Францыя паклапацілася пра абарону кабарэ і танца канкан. Гітары Джэфа Бека прадалі на аўкцыёне за 10 мільёнаў еўра. А еўракамісар хоча пабудаваць плот на вонкавых межах блоку.
Больш падрабязна расказваем пра гэта ў традыцыйнай рубрыцы “Іх норавы”.
Дачка Ілана Маска падтрымала абвінавачанні свайго бацькі ў “нацысцкім салюце”
Дачка Ілона Маска Вівіян Уілсан пракаментавала абвінавачанні ў адрас свайго бацькі, які нібыта зрабіў жэст, падобны да нацысцкага салюту, падчас інаўгурацыйнага мерапрыемства Дональда Трампа. Уілсан, якая змяніла імя ў 2022 годзе, каб яно адпавядала яе гендарнай ідэнтычнасці, апублікавала серыю паведамленняў у сацыяльных сетках, дзе рэзка выказалася пра інцыдэнт.
На платформе Threads яна напісала: “Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Асабліва калі гэты жэст быў зроблены двойчы”. Хоць Уілсан не назвала свайго бацьку наўпрост, яе словы выразна намякалі на жэст Маска з трыбуны. Яна таксама саркастычна адкінула апраўданні, што гэтае дзеянне можна растлумачыць яго аўтызмам, заявіўшы, што рэакцыя людзей паказвае, як СМІ гатовыя перакручваць падзеі.
У апошнім паведамленні Уілсан заклікала трансгендарную супольнасць звярнуць увагу на рашэнне Дональда Трампа прызнаваць толькі два гендары. Яна адзначыла, што гэта прыклад адкрытай нянавісці.
Гэта не першы выпадак, калі Вівіян крытыкуе свайго бацьку, які публічна выказваўся супраць трансгендарнай супольнасці. Раней яна заявіла, што сама адмовілася ад яго прозвішча і адрынула яго як бацьку.
Францыя прымае меры для абароны кабарэ і танца канкан
Кабінет міністра культуры Францыі Рашыды Даці абвясціў пра новыя меры падтрымкі кабарэ і знакамітага танца канкан. Як адзначыла Даці падчас сваёй прамовы ў легендарным кабарэ "Мулен Руж", гэтыя мастацкія формы ўвасабляюць "французскую культуру і свабоду".
У межах праграмы кабарэ атрымае фінансаванне ў памеры 475 тысяч еўра для падтрымкі творчасці, павелічэння яго бачнасці і ўмацавання статусу ў культурным ландшафце Францыі.
План прадугледжвае вылучэнне 150 тысяч еўра на развіццё персанажаў і нумароў, 75 тысяч еўра — на рэзідэнцыі для артыстаў кабарэ. Яшчэ 200 тысяч будуць скіраваныя на арганізацыю падзей, шоу і падкастаў, прысвечаных наступнаму сезону, а 50 тысяч — на даследаванні і публікацыі, звязаныя з кабарэ.
Акрамя таго, Міністэрства культуры падтрымлівае ініцыятыву ўключэння канкана ў нацыянальны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Францыі.
Даці адзначыла важнасць кабарэ не толькі як сімвала французскай культуры, але і як сектара, які забяспечвае 5 тысяч працоўных месцаў па ўсёй краіне. Уладальнік "Мулен Руж" Жан-Віктор Клерыко падкрэсліў, што гэтая праграма — "прызнанне і ўмацаванне пазіцый кабарэ ў культурным ландшафце Францыі".
Хоць "Мулен Руж" — самае вядомае кабарэ, многія іншыя ўстановы ў вясковых рэгіёнах таксама робяць унёсак у развіццё мастацтва і даюць платформу для ЛГБТК+ супольнасці.
Гітары Джэфа Бэка прадалі на аўкцыёне амаль за 10 мільёнаў еўра
У Вялікабрытаніі прайшоў аўкцыён, на якім прадалі больш за 120 гітар, узмацняльнікаў і педаляў, што належалі легендарнаму рок-музыку Джэфу Беку.
Агульны прыбытак ад продажу склаў амаль 10 мільёнаў еўра, што ў восем разоў перавысіла пачатковыя ацэнкі. Сярод лотаў была знакамітая гітара “Oxblood” Gibson Les Paul 1954 года, якую прадалі больш чым за 1,2 мільёна еўра пасля чатыроххвілінных актыўных таргоў.
Аўкцыён таксама ўключаў іншыя легендарныя гітары, такія як гібрыдны Fender “Tele-Gib” 1956 года і гітара “Anoushka”, названая ў гонар дачкі Раві Шанкара, з аўтографам Анушкі Шанкар.
Педальную панель, якую Бек выкарыстаў падчас свайго апошняга тура ў 2022 годзе, прадалі за 143 640 еўра, што значна перавысіла пачатковую ацэнку ў 3 420–5 700 еўра.
Удава музыкі Сью Бек у сваёй заяве адзначыла: "Я вельмі радая, што гітары Джэфа сталі такімі папулярнымі сярод яго фанатаў і сяброў".
Джеф Бек, двойчы ўведзены ў Залу славы рок-н-ролу, застаўся адным з самых уплывовых гітарыстаў у гісторыі, супрацоўнічаючы з такімі зоркамі, як Род Сцюарт, Дэвід Боўі, Стыві Уандэр і Ціна Цёрнэр.
Еўракамісар разглядае магчымасць фінансавання агароджаў на межах ЕС
Еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Магнус Брунер адкрыў магчымасць для выкарыстання сродкаў ЕС на будаўніцтва агароджаў на вонкавых межах блоку. Паводле яго, неабходна перагледзець патрэбы ў кіраванні межамі ў рамках падрыхтоўкі наступнай шматгадовай фінансавай праграмы.
Гэтыя заявы былі зробленыя ў адказ на заклік некалькіх еўрадэпутатаў, якія прапанавалі Еўракамісіі прызнаць рэальнасць на вонкавых межах ЕС і фінансаваць праекты будаўніцтва бар'ераў у краінах-удзельніцах.
Такія патрабаванні паступілі ад Польшчы, Венгрыі, Эстоніі і Латвіі, якія раней самастойна фінансавалі такія аб'екты.
Нягледзячы на падтрымку правай палітычнай сілы, у тым ліку Еўрапейскай народнай партыі, і агульную падтрымку з боку некаторых краін, левыя партыі выступаюць супраць такога фінансавання, сцвярджаючы, што гэта можа парушыць правы мігрантаў і не прынясе значных вынікаў у барацьбе з нелегальнай міграцыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.