Футбаліст “Дынама”: Думаю, што неўязнымі ў Еўропу нас не зробяць

120327 Svjardlou Dinamo.mp3

23 сакавіка футбольны клуб “Дынама-Мінск” трапіў у пералік кампаній, да якіх будуць ужывацца эканамічныя санкцыі Еўрасаюза.

У Еўропе “Дынама”, як і іншых, чакае “freezing of funds” — замарожванне сродкаў. Вось як гэтую дэфініцыю тлумачыць асноўны еўрапейскі “гід” па эканамічных санкцыях — “Guidelines on implementation and evaluation of restrictive measures (sanctions) in the framework of the EU Common Foreign and Security Policy”:

“Замарожванне сродкаў” азначае перашкоды для перасоўвання, перадачы, карыстання, доступу, змены віду сродкаў, а таксама аперацыяў любога кшталту з мэтай змены колькасці сродкаў, месца захоўвання, права ўласнасці, прызначэння ці іншых зменаў, якія дазволілі б выкарыстанне сродкаў, у тым ліку кіраванне партфелем сродкаў”.

З гэтага вынікае, што “Дынама” можа згубіць магчымасць весці разлікі з еўрапейскімі кампаніямі і клубамі. Напрыклад, цалкам верагодна, што беларускі клуб не зможа набываць амуніцыю і гульцоў з Еўропы. Рахунак, на які / з якога прыйдуць грошы за форму ці за трансфер, адразу ж будзе замарожаны.

“Мы звярнуліся ў Беларускую федэрацыю футбола з просьбай адправіць запыт ва УЕФА. Няхай там патлумачаць, чаму санкцыі ўведзеныя супраць футбольнага клуба і які яны маюць змест”, — распавядае Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы “Дынама” Алег Сабалеўскі.

Але пакуль што разводзяць рукамі і ў Беларускай федэрацыі футбола.

Футбалісты клуба пра санкцыі чулі, але, як і ўсе астатнія, не разумеюць, якім чынам яны іх закрануць.

“Я не разумею, як увогуле можна звязваць спорт і палітыку. Так што нават не ведаю, што сказаць, — разважае капітан мінскага “Дынама” Станіслаў Драгун. — І ў клубе мы, вядома, пра гэта чулі. Але не скажу, што гэтая тэма часта падымаецца і абмяркоўваецца”.

Галкіпер Аляксандр Суліма шчыра прызнаецца: пакуль у тонкасцях беларуска-еўрапейскай палітыкі не разбіраўся:

Аляксандр Суліма: “Я не чытаў нават нічога. У нас была ў Гомелі гульня, вярнуліся мы з яе ўчора [25 сакавіка. — Еўрарадыё] позна ўначы, таму я нічога не ведаю!”

Абаронца Сяргей Паліцевіч паспеў прачытаць пра санкцыі ў інтэрнэце:

Сяргей Паліцевіч: “Калі б нам, напрыклад, на якім-небудзь агульным сходзе патлумачаць, на што ўплываюць гэтыя санкцыі і якія могуць быць наступствы, тады б я сказаў што-небудзь канкрэтнае. А так — на што яны будуць уплываць, на што не будуць…”

Паўлу Пласконнаму пра санкцыі распавёў яшчэ адзін дынамаўскі варатар — Дзмітрый Гушчанка.

“Я звычайна жыву з Гушчанкам у адным пакоі ў гатэлях. Ён штудзіруе інтэрнэт, і во вычытаў недзе пра гэтыя санкцыі, — кажа Пласконны. — І хлопцы таксама абмяркоўвалі, але ні да чаго не прыйшлі. Адно магу сказаць: думаю, што неўязнымі ў Еўропу нас не зробяць!”

Пытаюся ў Дзмітрыя Гушчанкі, ці не цяжка жыць, калі ведаеш, што Еўропа абклала твой клуб эканамічнымі санкцыямі?

“Не, усё добра! Адчуваю сябе нармальна! Ніякага дыскамфорту няма”, — адказвае Гушчанка.

Яшчэ адна магчымая праява санкцыяў — забарона для “Дынама-Мінск” удзельнічаць у сёлетняй Лізе Еўропы. Пакуль што сталічны клуб і не мае такога права: у чэмпіянаце Беларусі ён фінішаваў толькі на 4-м месцы. Але бронзавы прызёр — “Гомель” — працягвае змаганне за Кубак Беларусі. Калі каманда Алега Кубарава заваюе гэты трафей, яна пройдзе ў Лігу Еўропы менавіта як уладальніца Кубка. І вызваліць сваё месца ў чэмпіянаце Беларусі для мінскіх дынамаўцаў.

Фота: Goals.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі