Футбольны агент: новы трэнер “Дынама-Брэст” не справіўся з характарам Мілеўскага

Футбольны агент: новы трэнер “Дынама-Брэст” не справіўся з характарам Мілеўскага

Футбольны клуб "Дынама-Брэст" вырашыў пазбавіцца ад трох лідараў каманды. Гэта адбываецца літаральна праз дзень пасля візіту ў горад новага старшыні праўлення клуба Дыега Марадоны і яго сустрэчы з футбалістамі.

Футбольны агент Валерый Ісаеў лічыць, што змены ў складзе "Дынама-Брэст" звязаныя не з асобай славутага аргенцінца, а з новым галоўным трэнерам клуба Аляксеем Шпілеўскім. Новы трэнер будуе лаяльную каманду і адпрацоўвае ўнутраныя працэсы:

"У яго свае погляды на трэніровачны працэс, на тое як футбалісты павінны паводзіць сябе ў побыце, на полі. Мы ж бачым, што не адзін чалавек сышоў. То бок, гэта не такая гісторыя, якія ходзяць вакол Мілеўскага, пра парушэнне ім рэжыму.

У рэшце рэшт, за вынікі каманды адказвае менавіта галоўны трэнер. З майго пункту гледжання, Шпілеўскі паступае правільна. Ён прыйшоў у каманду, яму лепш бачна ўнутры калектыву. Я не думаю, што былі нейкія асабістыя канфлікты ці нешта звязанае з рэжымам".

“Дынама-Брэст” адмаўляецца ад паслугаў найлепшага бамбардзіра чэмпіяната — Паўла Савіцкага. Таксама сыходзіць “запрошаная зорка” берасцейцаў Арцём Мілеўскі і капітан каманды Аляксей Гаўрыловіч.

Футбольны агент: новы трэнер “Дынама-Брэст” не справіўся з характарам Мілеўскага
Фота: instagram.com/timi1010/

На думку Валерыя Ісаева, трэнерскі штаб не змог справіцца з асаблівасцямі характару Арцёма Мілеўскага, таму і спыняюць супрацоўніцтва з ім:

"Я не прыхільнік працэсаў, якія не кантралююцца трэнерскім штабам. Яшчэ ў пачатку сезона я казаў, што калі ўсё будзе добра ў "Дынама-Брэст" з прыходам Мілеўскага, калі трэнерскі штаб справіцца з капрызамі гэтага футбаліста, з асаблівасцямі яго характару, тады будзе вынік. Пакуль мы бачым, што каманда паказвае другі год запар цікавую гульню, але няма стабільнасці, і няма таго выніку, якога хочуць уладальнікі клуба. Я лічу, што ў большай ступені гэта праз тое, што каманда разбалансаваная".

Прэс-служба "Дынама-Брэст" адмаўляецца каментаваць кадравыя рашэнні, пра якія ідзе гаворка. Прэс-сакратарка клуба Вольга Хіжынкова ў размове з Еўрарадыё зазначыла толькі, што ў паведамленні на сайце клуба няма ні слова пра тое, што адлічэнне футбалістаў са складу каманды звязанае з нейкімі дысцыплінарнымі парушэннямі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі