Фядыніч: Народны сход пройдзе цалкам легальна

Еўрарадыё: 5 кастрычніка вы зладзілі прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі, што Народны сход адбудзецца. Агучце асноўныя тэзісы.


Фядыніч: Намі было заяўлена, што каардынацыйныя саветы працавалі ў 26 гарадах і на сённяшні час выказаліся 22 гарады, якія падрыхтаваныя і гатовыя правесці мясцовыя народныя сходы, і ўключна горад Мінск.


Еўрарадыё: Як гэта будзе адбывацца?

 

Фядыніч: Гэта будзе адбывацца згодна з Законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах і мы ведаем, што цяпер праваахоўныя органы парушаюць гэты закон і дзейнічаюць у дачыненні да нашых актывістаў у адпаведнасці з Законам аб масавых мерапрыемствах, але ў законе па сходах чорным па белым напісана, што гэты закон не распаўсюджваецца на арганізатараў і ўдзельнікаў мясцовых сходаў. У нас на сённяшні дзень 12 чалавек, якія былі аштрафаваныя ці атрымалі суткі, 5 чалавек з іх з’яўляюцца сябрамі прафсаюза. Таму я накіраваў ліст Генеральнаму пракурору, старшыні Вярхоўнага Суда і таксама міністру ўнутраных справаў, у якім мы просім даць прававую ацэнку дзеянням міліцыі і судоў, якія дзейнічаюць без ведаў і прымянення ў сваёй працы закона аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Таксама мы просім прыняць меры, якія будуць накіраваныя на безумоўнае выкананне канстытуцыйных правоў грамадзянаў Беларусі, а таксама закона аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. 
Хачу адзначыць, што амаль усе аргкамітэты запрасілі на свае сходы старшынь тых выканкамаў, дзе будуць праходзіць гэтыя сходы. Пакуль адказаў няма. Што тычыцца горада Мінска, то заўтра ў жывы эфір выходзіць спадар Ладуцька і мы паспрабуем звязацца з ім па тэлефоне ці адправіць па электроннай пошце нашы пытанні і пытанні грамадзян. Спытаць, ці збіраецца спадар Ладуцька ўзяць удзел у мясцовым сходзе, які адбудзецца ў Мінску на плошчы Бангалор.


Еўрарадыё: Як гэта плануецца? У гарадах і мястэчках адбываюцца сходы, што потым?

Фядыніч: На гэтыя сходы будуць запрошаныя людзі, будзе абраны старшыня, які робіць гэты сход, сакратар, абвяшчаецца павестка, за яе галасуюць, будзе абмяркоўвацца гэтая павестка дня, будуць прыняты рэзалюцыі. Таксама будуць абраныя ўпаўнаважаныя, якім будзе даручацца не толькі давесці да кіраўніцтва, да ўрада тыя пытанні, якія будуць падымацца на сходах, але ж таксама будуць і мясцовыя. І яны ўпаўнаважаныя будуць весці перамовы, адсочваць, якім чынам будуць выконвацца гэтыя патрабаванні грамадзян, каб 12 лістапада працягнуць гэты сход.


Еўрарадыё: Якія настроі пануюць у грамадстве перад Народным сходам? Мы ведаем, што рэйтынг дзеячаў улады моцна ўпаў, але пратэстных настрояў пакуль няма. Як нам выруліць з таго крызісу эканамічнага, палітычнага, духоўнага, у якім мы апынуліся?



Фядыніч: Менавіта гэтыя народныя сходы – гэта першы крок грамадзян да дыялогу з уладай. Грамадзяне павінны весці дыялог, і улада мусіць жадаць весці гэтыя дыялог. Калі не будзе шляху насустрач грамадзянам, колькі б іх не прыйшло, тысячы ці дзясяткі тысяч, - гэта актыўная частка грамадства, для якой сёння не толькі эканамічнае становішча, але і незалежнасць рэспублікі – гэта не пустыя словы. Калі ўлада хоча дамаўляцца з грамадзянамі, то яна павінна зрабіць гэты крок ім насустрач. Грамадзяне зараз гэты крок робяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі