Галоўчанку трэба "4-5 гадоў" для стварэння "беларуска-расійскага самалёта"

РБ хоча стаць "авіяцыйнай дзяржавай" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
РБ хоча стаць "авіяцыйнай дзяржавай" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Прынятае рашэнне аб рэалізацыі ў Беларусі сумеснага з Расіяй праекта па вытворчасці двухматорнага лёгкага шматмэтавага самалёта. Пра гэта падчас візіту ў Екацярынбург заявіў прэм'ер-міністр РБ Раман Галоўчанка. Ён нагадаў, што дагэтуль Беларусь яшчэ не выпускала самалёты. Цяпер жа падпісаная праграма супрацоўніцтва Беларусі і РФ у авіябудаўніцтве. Пакуль беларусы працавалі над вырабам камплектуючых для расійскай авіяцыі: ваеннай і грамадзянскай.

"Мы падумалі, а чаму б не пашырыць гарызонты? — кажа Галоўчанка. — ...Мы хацелі б рэалізаваць свае амбіцыі па будаўніцтве авіяцыйнай дзяржавы".

Раман Галоўчанка ўжо пабываў на Уральскім заводзе грамадзянскай авіяцыі, які будзе разам з беларусамі распрацоўваць самалёт. "Мы паставілі задачу завяршыць доследна-канструктарскую працу за тры гады, у тым ліку вопытныя ўзоры. Самалёт будзе распрацоўвацца пры дапамозе расійскіх напрацовак, таму многія камплектуючыя ўзаемазаменныя", — распавядае прэм'ер.

Відавочна, што беларускі бок вельмі зацікаўлены ў праекце — фінансаваць жа праект будзе Расія, яна ж прадаставіць тэхналогіі. Пытанне толькі, ці будзе ён рэалізаваны, бо ідзе вайна, дзейнічаюць санкцыі і ў РФ вялізныя праблемы з авіяцыяй. Але, відаць, Галоўчанку гэта не надта хвалюе. Калі будзе рэалізаваны праект, спыталі ў яго? "Праз чатыры, мабыць... на пяты год дык дакладна расійска-беларускі першы самалёт узляціць у неба саюзнай дзяржавы", — энергічна, з усмешкай кажа прэм'ер-міністр РБ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі