Галоўнае дасягненне апазіцыі ў 2013 годзе – тое, што яна выжыла…
Лідары дэмакратычных сіл дзеляцца з Еўрарадыё сваім дасягненнямі ў 2013 годзе.
Галоўным дасягненнем 2013 года ў дзейнасці кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў чакана называе палітычную кампанію “Народны рэферэндум”. Маўляў, нібыта менавіта яна мае найбольшую падтрымку ў грамадстве сярод усіх сёлетніх акцый кампаніі. Што да выніку…
Уладзімір Някляеў: “Вынік у палітыцы апазіцыйнай можа быць пераможным толькі адзін – ты дасягаеш таго, за што змагаешся, прыходзіш да ўлады. Такога выніку пакуль няма і раней за 2015 год наўрад ці ён з’явіцца”.
Што цікава, паплечнікі Някляева па “Народным рэферэндуме”, лідары Партыі БНФ і руху “За свабоду” галоўным дасягненнем у дзейнасці іх структур згаданую “палітычную кампанію” не лічаць. Да прыкладу, Аляксандр Мілінкевіч галоўным, чаго дамаглася яго структура, называе… добры настрой!
Аляксандр Мілінкевіч: “Самае галоўнае – што мы захавалі настрой! Што ў нас не мала добрых планаў і мы маем надзею, што іх рэалізуем”.
Не ўзгадвае пра “Народны рэферэндум” і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ён лічыць галоўным тое, што пра іх партыю… больш пісалі ў СМІ, чым раней!
Рыгор Кастусёў: “Партыя спрацавала на “добра” – сродкі масавай інфармацыі пачалі звяртаць больш увагі на Партыю БНФ як на самастойную палітычную сілу. На жаль, у мінулыя гады, у мінулым дзесяцігоддзі падобная тэндэнцыя ў партыі не назіралася, а ішоў адваротны працэс – да партыі станавілася менш увагі”.
Што тычыцца асабістых дасягненняў, то Уладзімір Някляеў, ізноў жа чакана, называе выданне сваёй чарговай кнігі – “Знакі прыпынку”. Аляксандр Мілінкевіч у адказ на гэта пытанне кажа, што яго галоўным дасягненнем стала… ўнучка – вельмі разумнай дзяўчынкай сябе паказвае! І наноў здзіўляе Рыгор Кастусёў. Ён на такое ж пытанне чамусьці найперш прыгадвае… колькі сёлета яго сяброў пайшло з жыцця. Ну, і яшчэ тое, што ўсе яго змрочныя прагнозы адносна камунальнай гаспадаркі спраўдзіліся.
У Аб’яднанай грамадзянскай партыі галоўная задача – правядзенне свабодных справядлівых выбараў. Яе здзяйснення партыя сёлета не дамаглася. Праўда, супакойвае Анатоль Лябедзька, было некалькі драбнейшых галоўных дасягненняў. І пачынае з сябе.
Анатоль Лябедзька: “Скажу спачатку за сябе: самым галоўным дасягненнем сваім асабістым лічу тое, што мне ўдалося выдаць кнігу “108 дзён і начэй у засценках КДБ” на беларускай і англійскай мовах. І зрабіць шэраг прэзентацый”.
А яшчэ дасягненнем сваёй партыі Лябедзька лічыць тое, што ўлады так і не ўвялі “падатак на дадатковую вартасць”, і АГП спрычынілася да барацьбы беларусаў супраць увядзення “падатку на дармаедства” і “100 долараў за выезд за мяжу”.
Галоўным партыйным дасягненнем у 2013 годзе старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч называе тое, што сёлета ў партыю масава пачала запісвацца моладзь. Што да свайго асабістага дасягнення…
Сяргей Гайдукевіч: “Я дажыў да таго часу, калі ў кіраўніцтве партыі я – самы старэйшы!”
А яго сын і намеснік Алег Гайдукевіч сваім галоўным дасягненнем называе тое, што яго абралі сябрам Вышэйшага савета партыі і што ён, пасля зніклага міністра Юрыя Захаранкі, другі міліцыянт, які сышоў з праваахоўных органаў у палітыку. Відаць, міліцыянты-парламентарыі Гайдукевічам-малодшым не ўлічваюцца.
Не менш арыгінальны ў сваім бачанні галоўнага дасягнення адыходзячага года і лідар “Справядлівага свету” Сяргей Калякін.
Сяргей Калякін: “Сёння палітычная партыі і ўся апазіцыя дзейнічаюць насуперак жаданню дзяржавы і яе сілавых ды іншых структур. І таму тое, што мы выжылі, што мы працуем – галоўнае дасягненне гэтага года”.
А вось на пытанне пра свае асабістыя дасягненні так і не здолеў нічога прыгадаць…
Фота: Змітра Лукашука