Галоўныя кандыдаты: хто ўдзельнічае ў прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне
Кіеў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2019/"Громадское"
Па матэрыяле "Громадского"
31 сакавіка адбудзецца першы тур выбараў прэзідэнта Украіны. Мяркуючы па перадвыбарных апытаннях, напэўна будзе і другі. ЦВК Украіны зацвердзіла спіс з 39 кандыдатаў у прэзідэнты. Па дадзеных рэйтынгу Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі сем самых папулярных кандыдатаў падзеляць паміж сабой 90% галасоў выбаршчыкаў. Што гэта за кандыдаты і як выглядаюць іх рэйтынгі падтрымкі па дадзеных апошніх апытанняў?
Лідар рэйтынгу з 32,1% — Уладзімір Зяленскі
Шоўмэн, артыст і комік Уладзімір Зяленскі заявіў пра свой удзел у прэзідэнцкай гонцы ў навагоднюю ноч. Зварот Зяленскага на тэлеканале "1+1" паказалі замест віншавання прэзідэнта Парашэнкі. Зяленскі будзе на экранах і ў "дзень цішыні" — тэлеканал "1+1" заявіў пра трансляцыю шоу "Квартал 95" за дзень да выбараў.
У студзені было апублікаванае журналісцкае расследаванне, у якім утрымліваліся доказы таго, што Зяленскі валодае трыма кампаніямі ў Расіі.
Як ні дзіўна, гэтая інфармацыя, на думку сацыёлагаў, адыграла на карысць Зяленскага. Адной з прычын яго высокага рэйтынгу называюцца пратэстныя настроі ў краіне і запыт на новых людзей у палітыцы.
Дзеючы прэзідэнт Пётр Парашэнка адстае ад лідара на 15 пунктаў — 17,1%
У сваёй перадвыбарнай кампаніі з лозунгам "Армія. Мова. Вера" прэзідэнт Парашэнка робіць акцэнт на патрыятычна настроеным электараце, а таксама на адным з галоўных сваіх дасягненняў — Томасе аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Украіны.
У лютым журналісты "Bihus. Info" раскрылі карупцыйную схему ў абаронным комплексе. У схеме фігуруе сын сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Алега Гладкоўскага, блізкага сябра прэзідэнта. Парашэнка звольніў Гладкоўскага і заклікаў расследаваць "рэзанансныя публікацыі".
Калі верыць апытанням, Парашэнка мае ўсе шанцы выйсці ў другі тур, у рэйтынгу сімпатый электарату ён на другім месцы. Праўда, Парашэнка ўзначальвае антырэйтынг кандыдатаў — палова апытаных не прагаласавала б за дзеючага прэзідэнта ні пры якіх абставінах.
Першую тройку закрывае Юлія Цімашэнка — 12,5%
Лідар партыі "Бацькаўшчына" змагаецца за крэсла прэзідэнта ў трэці раз. Яна абяцае ўдвая знізіць цану на газ, хоць кіраўнік дзяржавы і не мае такіх паўнамоцтваў.
"Бацькаўшчына" Юліі Цімашэнка фігуруе ў расследаванні "Bihus. Info" аб падстаўной сетцы фінансавання палітычнай партыі. У расследаванні гаворыцца, што мільёны грыўнаў на дзейнасць партыі Цімашэнка нібыта ахвяруюць грамадзяне Украіны, але многія ці не ведаюць пра гэта, ці не маюць такіх сродкаў. 13 сакавіка суд дазволіў СБУ праверыць рахункі "Бацькаўшчыны" па справе аб адмыванні сродкаў.
Сацыёлагі адзначаюць "ўстойлівасць" выбаршчыка Цімашэнка — гэта значыць, яго гатоўнасць галасаваць менавіта за гэтага кандыдата.
Юрый Бойка — 10,4%
Юрый Бойка прадстаўляе "Апазыцыйную платформу — За жыццё", якая адпачкавалася ад "Апазіцыйнага блока", прарасійскай палітычнай сілы Украіны. Бойка выступае за дасягненне міру на Данбасе праз перамовы з канфліктуючымі бакамі (баевікамі самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР". — рэд.).
Анатоль Грыцэнка — 6,9%
Экс-міністр абароны Украіны Анатоль Грыцэнка называе сябе дэмакратам, але пры гэтым не бачыць нічога дрэннага ў аўтарытарызме. За пяць гадоў ён абяцае "наступіць на пяткі краінам Еўропы" па ўзроўні развіцця, перамагчы карупцыю, манапалізм і алігархаў. Таксама Грыцэнка кажа, што будзе выганяць з войска паркетных генералаў і стымуляваць здаровы лад жыцця ўкраінцаў.
У пачатку сакавіка Анатоль Грыцэнка сумесна з мэрам Львова Андрэем Садовым прадставілі мемарандум аб аб'яднанні намаганняў на выбарах. Пагадненне складаецца з аднаго пункта: "Быць сумленным".
Аляксандр Вілкул — 5,7%
Аляксандр Вілкул — былы аднапартыец Юрыя Бойкі і другі прарасійскі кандыдат на гэтых выбарах. Вілкула вылучае "Апазіцыйны блок".
Некалькі месяцаў таму ўкраінскія праваахоўнікі падазравалі Вілкула ў злоўжыванні паўнамоцтвамі, але Вярхоўная Рада адмовілася здымаць з яго дэпутацкую недатыкальнасць. Ён і Бойка змагаюцца за адзін электарат, але не гатовыя аб'яднаць высілкі.
Алег Ляшко — 5,2%
Народны дэпутат ад "Радыкальнай партыі" свайго ж імені ў другі раз будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах: у 2014 году ён заняў трэцяе месца з вынікам 8,32% галасоў.
Падчас першай кампаніі кардынальных змен у сваёй агітацыі Ляшко не зрабiў: гэта тая ж радыкальная апазіцыйная рыторыка з папулісцкімі заявамі. Напрыклад, падчас з'езду сваёй партыі 21 студзеня ён паабяцаў вынесці на рэферэндум пытанне аб узнаўленні практыкі смяротнага пакарання ва Украіне.
Далей у рэйтынгу — Ігар Смяшко з 4,4%; у Руслана Кашулінскага і Сяргея Таруту па 1,2%; у Юрыя Цімашэнкі — 0,8%. Па дадзеных апошняга рэйтынгу астатнія 28 кандыдатаў падзеляць паміж сабой 2,4% галасоў выбаршчыкаў.