Гандбаліст Раман Лукашук атрымаў смяротную траўму ў бойцы каля клуба

Памёр 23-гадовы гулец СКА і нацыянальнай гандбольнай зборнай Беларусі Раман Лукашук. У рэанімацыю яго прывезлі 7 верасня "з бытавой траўмай пазваночніка", якую ён атрымаў на выхадзе з начнога клуба. Урачы змагаліся за яго жыццё, але ён памёр 14 верасня ў 15:20.

Як даведалася Еўрарадыё, траўма была не зусім бытавая. Сябры хлопца кажуць, што каля клуба адбылася бойка.

"Ён атрымаў траўму на выхадзе з начнога клуба. Ён не сам (упаў — Еўрарадыё). Ён у бойцы не удзельнічаў. Проста яму дасталася".

У клубе Раман быў з іншымі гандбалістамі СКА. Крыніца Еўрарадыё кажа, што ўжо пасля, па дарозе дадому, Раману стала кепска і яны выклікалі "хуткую".

Па інфармацыі следчага камітэта спартовец выходзіў з начнога клуба і паспрачаўся з незнаёмым мужчынам, хто першы паедзе на таксі. Ад удару Раман Лукашук упаў і атрымаў траўму.

Гулец СКА, з якім Лукашук быў у клубе, сцвярджае, што сышоў раней і самой бойкі не бачыў. Побач з якім клубам адбылася трагедыя, знаёмыя і сябры Рамана казаць не хочуць.

Следчы камітэт расследуе справу. Вядома, што другі ўдзельнік канфлікту — жыхар Мінскай вобласці 1988 года нараджэння. Яму інкрымінуюць наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання.

Раман Лукашук зрабіў значны ўнёсак у заваяванне мінскім СКА Кубка выкліку — першага еўратрафея за доўгі час. Летась гульца заўважыў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў і запрасіў на зборы. Спецыялісты прагназавалі, што з Лукашука можа вырасці вялікі гулец, кажа галоўны трэнер СКА (Мінск) Спартак Мірановіч.

"У нас сёння такія падзеі, што не хочацца наогул казаць. Рома быў адзін з такіх хлопцаў, якія чакалі вельмі шмат і не дачакаліся з-за фатальнай падзеі. Ён прыйшоў пачаткоўцам, а сышоў гульцом зборнай. Можна толькі шкадаваць пра гэта".

Праз смерць Рамана Лукашука адмянілі гандбольны матч паміж нацыянальнай камандай Беларусі і БГК імя Мяшкова, запланаваны на 16 верасня.

Фота: D.Barsukov

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі