Ганна Севярынец: У краіне няма грошай, каб утрымліваць гімназічную адукацыю
Наконт адмены экзаменаў для паступлення ў гімназію і змен у навучальнай праграме выказалася настаўніца Смалявіцкай гімназіі і даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец:
"Пра змены ў настаўніцкім асяроддзі кажуць рознае. Па-першае, што няма грошай у краіне ўтрымліваць гімназічную адукацыю, па-другое, што наяўнасць гімназій нібыта робіць нашу адукацыю няроўнай для ўсіх, па-трэцяе, што гімназіі вымываюць са звычайных школ добрых вучняў. Сказаць па праўдзе, мне цяжка зразумець логіку тых, хто хоча іх зачыніць".
На думку Ганны, адукацыя павінна быць разнастайнай, даваць магчымасці тым дзецям, якія хацелі б вучыцца больш, чым астатнія: "Закрыццё гімназій — цвік у нашу і без таго спакутаваную адукацыю. Што да адмены экзаменаў — гэта наогул нейкая бязглуздзіца. Праблемы на экзаменах ствараюць залішне амбітныя бацькі. Калі яны не накручваюць дзіця, не патрабуюць ад яго вынікаў, не робяць выгляд, што паступленне ў гімназію — гэта пытанне жыцця і смерці, экзамен даволі лёгка пераносіцца дзецьмі".