“Гарачая матэматыца” з Беларусі мела 7 па “сваім” прадмеце і гуляла ў шахматы

“Гарачая матэматыца” з Беларусі мела 7 па “сваім” прадмеце і гуляла ў шахматы

“Самая гарачая настаўніца матэматыкі”, пра якую напісалі самыя буйныя ў свеце таблоіды The Sun, Mirror і Daily Mail, аказалася 17-гадовай мінчанкай Аксанай Невясёлай. Высветлілася, што ў Беларусі пра дзяўчыну раней пісалі толькі ў сувязі са…спаборніцтвамі па шахматах. У дзіцячым узросце яна была адной з найлепшых у краіне.

“Па хуткіх шахматах, здаралася, я займала ў Беларусі і першыя месцы. Наша каманда брала прызы на міжнародных спаборніцтвах у Балгарыі, у мяне ёсць узнагароды са Славакіі, Польшчы. Але ў 11 класе стала неяк не да гэтага, калі з дзяўчынкі я пераўтваралася ў дзяўчыну. Інтарэсы мяняліся”, — расказвае Аксана пра спартовую кар’еру.

“Гарачая матэматыца” з Беларусі мела 7 па “сваім” прадмеце і гуляла ў шахматы

Цікава і тое, што відэа з настаўніцай, якое прыпісваюць Невясёлай, насамрэч — фэйкавае. На ім зусім іншы чалавек.

Аксана расказвае Еўрарадыё, пасля чаго колькасць яе падпісчыкаў у сацыяльных сетках пачала імкліва расці:

Я скончыла школу ў мінулым годзе, і вырашыла ўзяць адзін год адпачынку, таму што ўзрост мне дазваляе. Я хацела павандраваць, давесці да ідэалу сваю англійскую і разабрацца з тым, чаго я хачу ад жыцця. Паехала ў Малайзію. Там нейкія дзіўныя людзі пачалі падыходзіць да мяне і фатаграфавацца. Я ведала, што мая знешнасць лічыцца досыць прывабнай у тых краях. Пасля гэтага ў “Інстаграме” з пяці тысяч падпісчыкаў іх колькасць вырасла да дзесяці”.

Еўрарадыё: І працэс не спыняўся…

Аксана Невясёлая: Мне пачалі дасылаць асабістыя паведамленні са спасылкамі і скрынамі запісаў у Фэйсбуку. Яны набіралі па 17 тысяч лайкаў. Адно фота было ў купальніку, з басейна, другое — каля дошкі. Іерогліфы я не разумею, таму не магла прачытаць, што пісалі людзі. Пазней да гэтых здымкаў пачалі дадаваць маё відэа, дзе я танчу на парце. Пасля з’явілася і фэйкавае відэа з нейкай настаўніцай, якое прыпісалі мне. Шматразова казала: “Гэта не я”. Але з ростам колькасці каментарыяў гэта рабіць было бессэнсоўна. Нейкі мужчына, у якога 1,2 мільёна падпісчыкаў, паведаміў, што на гэтым фэйкавым відэа — я. Пасля гэтага навіны пачалі з’яўляцца на японскіх, тайваньскіх, турэцкіх сайтах. Ну і ў выніку да гэтага далучыліся і брытанскія сайты…

 

“Па матэматыцы ў мяне было дзесьці балаў 7”

 

Еўрарадыё: Як блізкія паставіліся да артыкулаў у замежных таблоідах?

Аксана Невясёлая: Мая маці мяне цалкам падтрымлівае. Яна казала заўжды, што ёсць два варыянты. Альбо неяк выдзяляцца і атрымліваць негатыў ад натоўпу і, уласна, нейкія абмеркаванні. Альбо быць шэрай мышкай і не прыцягваць нічыёй увагі. Маці не лічыць, што гэтая сітуацыя можа неяк негатыўна паўплываць на маё жыццё. Ніякіх пытанняў да мяне і канфліктаў няма.

“Гарачая матэматыца” з Беларусі мела 7 па “сваім” прадмеце і гуляла ў шахматы

Еўрарадыё А што наконт увагі з боку хлопцаў і мужчын. Ці ёсць нязручнасці?

Аксана Невясёлая: Незалежна ад таго, колькі ў мяне ёсць і будзе падпісчыкаў, я ніколі не пагаджалася сустракацца з тымі, каго я не ведаю. Аддаю перавагу знаёмствам у рэальным жыцці.

Еўрарадыё: Дарэчы, калі ужо вас ахрысцілі “самай гарачай настаўніцай матэматыкі”, якая ў вас была паспяховасць па гэтай дысцыпліне?

Аксана Невясёлая: Не магу сказаць, што ў мяне было ўсё надзвычайна. То бок дзесьці балаў сем, вось так. Але ў мяне былі свайго кшталту праблемы са школай, таму што дзесьці з шостага класа ў мяне было вельмі шмат спаборніцтваў па шахматах. Я ўвесь час з’язджала, з-за гэтага шмат прапускала. Зразумела, нейкія тэмы да мяне не даходзілі. Але мне здаецца, што агульны ўзровень ніяк не залежыць ад тваёй адзнакі.

 

“Крэмы ад гемарою рэкламаваць не буду”

 

Еўрарадыё: Як вы сябе адчуваеце, стаўшы папулярнай?

Аксана Невясёлая: Мне гэта абсалютна не падабаецца. Па-першае, я расчаравалася ў многіх людзях, якія мяне атачалі. Раней каментарыі ад некаторых сваіх таварышаў у “Інстаграме” я атрымлівала раз на месяц. На дадзены момант яны імкнуцца каментаваць кожнае маё фота, каб атрымаць новых падпісчыкаў і прапіярыць сваю пятую кропку. І, уласна, не падабаецца, калі вакол мяне куча плётак і размоваў. Я вельмі спадзявалася, што да Беларусі гэта ніякім чынам не дойдзе.

“Гарачая матэматыца” з Беларусі мела 7 па “сваім” прадмеце і гуляла ў шахматы

Еўрарадыё: Звычайна такім папулярным героям “Інстаграма” прапаноўваюць кантракты ў рэкламным бізнесе.

Аксана Невясёлая: Я не збіраюся нічога рэкламаваць, прынамсі пакуль. Пісаць свой мэйл для супрацоўніцтва я не хачу, таму што мне гэта падаецца смешным. Крэмы ад гемарою і іншыя рэчы такога кшталту я рэкламаваць не буду. Мадэльны ж бізнес – іншая справа. Фатаграфіяй я цікаўлюся. Але пакуль прапановаў няма, што я магу пра гэта казаць? Будзе бачна.

Еўрарадыё: Цікава, якія ў вас куміры?

Аксана Невясёлая: З вядомых асобаў мяне натхняе Мікеланджэла, таму што, калі ён нешта ствараў, то імкнуўся давесці гэта да дасканаласці. А я свайго роду перфекцыяністка, калі нешта раблю, то павінна гэта рабіць добра.

Еўрарадыё: Хочаце застацца ў Беларусі ці паехаць за мяжу?

Аксана Невясёлая: Пакуль не хачу пра гэта казаць. Як карты лягуць.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас добрыя, надзейныя сябры?

Аксана Невясёлая: Ёсць. Першы чалавек — гэта мая маці. І другі чалавек — мая сяброўка Улада, якая, сутыкнуўшыся з ростам маіх падпісчыкаў, адзіная не паспрабавала прапіярыць сябе. А астатнія павялі сябе ўсе як адзін.

P.S. Пакуль гутарым з Аксанай, колькасць яе падпісчыкаў у “Інстаграме” расце шалёнымі тэмпамі і перавальвае за 240 тысяч. Пакуль пішам гэты матэрыял, дадаецца яшчэ два дзясяткі тысяч фанатаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі