“Гарадскія партызаны” ў Германіі ваююць з рэкламай фаст-фудаў (фота)
Паверх выяваў гамбургераў яны пішуць рэцэпты здаровай ежы. А змагары з рэкламай у Польшчы заклікаюць не плаціць за кватэры.
Польская Gazeta Wyborcza распавядае пра арганізаваную акцыю, якая цяпер адбываецца ў Германіі: невядомыя асобы замалёўваюць рэкламу фаст-фудаў рэцэптамі “традыцыйнай” ежы.
Gazeta Wyborcza: “Замест “каралеўскага комплексу” з Burger King — спагеці па-балонску (уключаюць шэсць памідораў і дзве цыбуліны), замест сандвіча з McDonald’s — міска рыса (з гароднінай і дадаткам кары). Такія гастранамічныя парады змясцілі на білбордах у Берліне мясцовыя партызаны”.
Такія дзеянні падпадаюць пад паняцце “брэндалізм” — вандалізм, накіраваны супраць рэкламы. Брэндалісты атакуюць рэкламныя кампаніі фірм па прычыне байкоту, пратэсту рэкламы ўвогуле, альбо з-за жадання зладзіць перформанс. Напрыклад, у Брытаніі ў 2012 паздзекаваліся над рэкламай Nike з удзелам футбаліста Уэйна Руні. У тэксце, суправаджаючым акцыю, гаварылася:
“Рэкламная індустрыя стварае ціск, калі яна маніпулюе нашымі патрэбамі і жаданнямі. Ціск, мець апошнюю рэч ці тэлефон. Ён павялічваецца, калі дзеці па ўсёй краіне выходзяць на вуліцу, патрабуючы тое, што ім неабходна, як ім сказалі”.
Зразумела, што нямецкія фаст-фуды не ў захапленні ад такіх акцый, у той час, як фота сапсаваных рэкламных плакатаў актыўна распаўсюджваюцца ў сацсетках.
У суседняй Польшчы таксама хапае “змагароў з рэкламай”. У снежні ў Познані анархісты з вядомага сквота “Розбрат” заклікалі гараджан не плаціць за кватэры, заклейваючы рэкламу адной з фірм на прыпынках адпаведнымі слоганамі. Вось што пасля казаў адзін з анархістаў:
“У нас няма ніякіх згрызотаў сумлення. Гэта фірма — лідар галіны, якая зарабляе на выкарыстанні публічнай прасторы. Але ніхто не павінен атрымоўваць прыбыткаў з публічнай прасторы, якая належыць усім”.
Цікава, што ў некаторых гарадах з рэкламай змагаюцца на самым высокім узроўні. Гэта тычыцца бразільскага Сан-Паўлу, у якім з 2006 года забароненыя плакаты, лістоўкі, аўтобусныя аб’явы, рэкламныя шчыты і нават звычайныя налепкі.