Гарадскія ўлады расказалі, калі ў Мінску пачнуць адключаць гарачую ваду
Адключэнне гарачай вады пачнецца з сярэдзіны траўня / з архіву БЕЛТА
Летась гарачую ваду падчас падрыхтоўкі цепласетак да ацяпляльнага сезона адключалі на 7-14 дзён. У гэтым годзе максімальны тэрмін адключэння гарачай вады скарацілі да 13 дзён, паведамляе агенцтва "Мінск-навіны" са спасылкай на намесніка галоўнага інжынера "Мінскіх цеплавых сетак" РУП "Мінскэнерга" Андрэя Жашко.
Паводле яго слоў, ужо распрацаваны графік. Першыя адключэнні запланаваныя на 12 траўня, завяршыць усе работы плануецца да 29 жніўня.
За гэты час мяркуецца правесці работы на 96 участках цепламагістраляў і замяніць 59,5 кіламетраў цепласетак.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч, каментуючы гэтыя планы, адзначыў, што аб'ёмы замены цепласетак у Мінску павінныя з кожным годам нарошчвацца, каб мінімізаваць колькасць пазаштатных сітуацый.
Нагадаем, мінулай зімой у Мінску адбылося адразу некалькі надзвычайных здарэнняў — у прыватнасці, праз пашкоджанні цепламагістралі без цяпла і гарачай вады ў студзені застаўся шэраг мікрараёнаў ў Маскоўскім раёне Мінска. Давялося нават закрываць школы і дзіцячыя садкі. Ваду прарывала і ў мікрараёне Сцяпянка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.