Garnier vs Belita: хімік прааналізаваў склад нашых (і вашых) крэмаў для твару
Што трэба спаліць разам з касметычкай?
Журналісты Еўрарадыё папрасілі навукоўца і папулярызатара навукі Сяргея Бесараба вывучыць змесціва нашых касметычак. На пытанне пра тое, як павінен выглядаць склад касметыкі, ён адказвае: без парабенаў, сульфатаў, сіліконаў, соляў і фарбавальнікаў.
— Касметалогія ў XXI стагоддзі — гэта сумесь маркетынгу і шаманізму. Парабены — рэпрадуктыўныя таксіны, якія ўплываюць на фертыльнасць і сексуальную функцыю. Іх актыўнасць як таксінаў павялічваецца з павелічэннем даўжыні вуглевадароднага астатку, г. зн. бутыл-, напрыклад, больш актыўны, чым метыл-.
Аддушкі, яны ж parfum, яны ж fragrances, наогул могуць утрымліваць што хочаш. Ёсць краіны, у якіх дастаткова агульнага ўказання наяўнасці аддушкі, без якой-небудзь расшыфроўкі. Але вось у ЕС вытворцаў абавязваюць указваць кампаненты, якія могуць выклікаць алергію, што для карыстальнікаў відавочна добра, бо араматызатар здабывае хоць нейкія канкрэтныя абрысы.
Таксама негатыўна я стаўлюся да выкарыстання ў касметыцы такіх біяцыдаў, як ізатыязаліноны. У Еўропе выкарыстанне тыязалінаў у бытавой хіміі паступова сыходзіць на нішто, хутчэй за ўсё, яны будуць цалкам забароненыя. Пакуль жа на этыкетках сродкаў з тіязалінамі заўсёды павіннае быць указанне, што гэта едкія рэчывы. Але рэдкія вытворцы так робяць, часта ізатыязаліноны можна выявіць толькі пры дбайным аналізе пратаколаў бяспекі.
Калі на ўпакоўцы напісана eco, гэта не значыць роўна нічога, як і надпіс vegan, напрыклад. Нанясенне такіх надпісаў ніяк не рэгламентуецца і застаецца на сумленні маркетынгавага аддзела кампаніі-вытворцы. У большасці выпадкаў такія надпісы патрэбныя толькі для таго, каб супакоіць пільнасць пакупніка і адцягнуць яго ад уважлівага чытання складу прадукту.
Для гэтай жа мэты многія сродкі актыўна насычаюць гамеапатычнымі (г. зн. у прынцыпе не здольнымі выклікаць нейкі эфект, акрамя псіхалагічнага) колькасцямі розных экстрактаў, алеяў, выцяжак з раслінаў. Доўгія незразумелыя словы стамляюць, і за імі лёгка схаваць нават самыя небяспечныя і сумнеўныя рэчывы.
Ужо не чакаючы нічога добрага ад складу сваёй касметыкі, мы паказалі хіміку крэмы, якімі карыстаемся самі і якімі карыстаюцца нашы сябры ў Беларусі. Ён вывучыў склад і сказаў, што выкінуць, а што больш ніколі не купляць.
Belita Aqua Active (цана ў Мінску — 4,24 BYN)
Што абяцаюць: проста нармальны ўвільгатняльны крэм.
Пытанне ад уладальніка крэму. Ці можа танны прадукт быць добрым? І ці праўда, што беларуская касметыка суперпупернатуральная?
Дрэнна: цыклапентасілаксан, цыклагексасілаксан, палярызаваная вада, метылпарабен, прапілпарабен, бутылфенілметылпрапіёналь.
Радуе вока: сквалан, траметамін.
Каментар Бесараба:
— У крэме велізарная колькасць плёнкаўтваральных рэчываў. Яны маюць розную парапранікальнасць і з высокай доляй імавернасці будуць пагаршаць газаабмен скуры з навакольным асяроддзем. Прысутнічаюць тут і абсарбавальныя скурай парабены з рэпрадуктыўнай таксічнасцю, і алергенагенныя забароненыя аддушкі накшталт бутылфенілметылпрапіяналя.
Вядома, не абышлося і без відавочнага "шаманізму" ў выглядзе палярызаванай вады. Што з ёй не так? Кожная малекула вады — гэта дыполь. Гэта значыць, палярызаваная паводле законаў Сусвету. Калі такое пішуць — гэта вытанчаны green washing [форма экалагічнага маркетынгу, калі мэта — увесці вас у зман. — Еўрарадыё].
Танны крэм можа быць добрым у краіне, дзе прысутнічае павага вытворцы да пакупніка. У сучасным свеце цана наогул ніяк не звязаная з якасцю і бяспекай касметыкі. Калі вам пашанцуе і вы натрапіце на нікому не вядомы брэнд, які толькі фармуе сваю кліенцкую базу і будуе сваю рэпутацыю, то за вельмі невялікія грошы зможаце набыць унікальны прадукт. Але такія смарагды трэба старанна шукаць, прасейваючы тоны пустой пароды, часта разрэкламаванай і вельмі дарагой.
Што ж тычыцца беларускай касметыкі, то нічога натуральнага там ніколі і не было. Але, мяркуючы з усяго, маркетынгавая PR-кампанія праведзеная паспяхова, калі такое меркаванне ў інфармацыйным полі існуе. Гэта накшталт легенды пра "натуральныя беларускія прадукты", у якіх няма антыбіётыкаў.
Belita PharmaCos, аптэчная касметыка (цана ў Мінску — 4,25 BYN)
Што абяцаюць: перадавыя дасягненні ў спалучэнні з натуральнымі кампанентамі, нацэленыя на барацьбу з асноўнымі праблемамі скуры твару.
Пытанне ад уладальніка крэму. Аптэчная "Беліта" лепшая за звычайную "Беліту"?
Дрэнна: цыклапентасілаксан, цыклагексасілаксан, поліметылсілсесквіёксан, дыметыкон, цэтэарылметыкон, экстракт кораня Daucus Carota Sativa (морквы), алей насення Daucus Carota Sativa (морквы), метылпарабен, этылпарабен, прапілпарабен.
Радуе вока: гіялуранат натрыю.
Каментар Бесараба:
— Абсалютна прахадны склад, нешта на ўзроўні абы-якога еўрапейскага мас-маркета. Шмат сіліконаў, куча рэпрадуктыўных таксінаў — парабенов, ды яшчэ і пара пазіцый фотатаксічнай морквы. З такім крэмам лепш на сонцы не з'яўляцца.
Аптэчная лепшая за звычайную? У гэтым выпадку ніякай розніцы, акрамя надпісаў на этыкетцы. Хоць хлушу, аптэчная нават горшая за звычайную. Замест двух сумнеўных кампанентаў змяшчае чатыры аналагі. Магчыма, каб раздзьмуць кошт.
Garnier Skin Naturals Botanical Cream (цана ў Мінску — 17,51 BYN)
Што абяцаюць. Крэм на 96% складаецца з інгрэдыентаў натуральнага паходжання.
Пытанне ўладальніка. Еўрапейскі мас-маркет — гэта тая ж "Беліта", толькі даражэйшая? Што лепшае: умоўная "Беліта" або ўмоўны "Гарнье"?
Трошкі рэжа вока: Aloe Barbadensis Leaf Juice Powder (але калі не выходзіць на сонца, то норм!)
Каментар Бесараба:
— Тут склад на здзіўленне просты. І ў цэлым да яго прычапіцца складана. Хіба што да наяўнасці фотатаксічнай расліны алоэ. Але калі крэм выкарыстоўваць на ноч, а раніцай змываць і не трапляць з ім пад ультрафіялет сонца, то праблем ніякіх быць не павінна.
Склад еўрапейскага мас-маркета можа вар'явацца ад жахлівага (касметыка ў гіпермаркетах) да даволі прасунутага варыянту. У выпадку з "Белітай" імавернасць знайсці нешта вартае значна меншая, чым імавернасць знайсці нешта вартае на мас-маркеце ў ЕС. Таму, думаю, умоўны "Гарнье" пры іншых роўных усё ж бяспечнейшы за ўмоўную "Беліту".
The U Your megapolis cream (цана ў Мінску — 6,9 BYN)
Што абяцаюць. Крэм на 96% складаецца з інгрэдыентаў натуральнага паходжання.
Пытанне ўладальніка. Некаторыя вытворцы пайшлі з рынку, затое цяпер у Мінску куча расійскай касметыкі. Яна норм?
Дрэнна: нітрыд бору, сок алоэ вера.
Радуе вока: сквалан, інулін, альфаглюкан алігацукрыды (Biolin P), гіялуронавая кіслата, пулулан.
Каментар Бесараба:
— Ёсць сумнеўны кампанент — аксід бору, які выкарыстоўваецца як высокатэмпературная змазка ў мартэнаўскіх печах і чамусьці часам трапляе ў крэмы (часцей за ўсё, у карэйскія). Асаблівага сэнсу ў гэтым няма, але кошт расце. Таксама ў наяўнасці фотатаксічная расліна — алоэ. Гэта выклікае сумневы, што крэм можна выкарыстоўваць для адчувальнай скуры. Плюс спектр скурных прабіётыкаў.
Якасць расійскай касметыкі не паддаецца ніякаму параўнанню. Умоўную "Беліту" хоць неяк можна параўноўваць з тым жа ўмоўным "Гарнье". Але тое, што робяць у РФ, не вытрымлівае ніякай крытыкі. І гэта нават без уліку татальнай карупцыі, парушэння ўсіх магчымых таксікалагічных нормаў і вельмі шырокага распаўсюду кантрафакту. Лепш пазбягаць такога ўсімі сіламі.
Чаму ў адным выпадку алоэ — гэта нармальна, а ў іншым — зусім дрэнна? Калі крэм дзённы (або spf) і там алоэ — то гэта, безумоўна, чырвоны сцяг. Калі крэм начны або такі, што рэкамендуюць выкарыстоўваць толькі ў памяшканні, то гэта нармальна.
It’s Skin, карэйская касметыка (цана ў Мінску — 32,8 BYN)
Што абяцаюць. Пры рэгулярным выкарыстанні крэм прыводзіць да фізічнага разгладжвання зморшчынаў і павышэння пругкасці скуры.
Пытанне ад уладальніка: карэйская касметыка праўда чароўная? А які ў ёй чароўны інгрэдыент?
Рэжа вока: сілікон.
Каментар Бесараба:
— Вока рэжа толькі наяўнасць сілікону, у астатнім нібыта больш-менш. Пра нейкую ўнікальнасць і казаць смешна, але хаця б нічога жорстка сумнеўнага няма. Гэты крэм — відавочна не найгоршы прадстаўнік карэйскай касметыкі.
Феерверк сіліконаў — гэта наогул чароўны кампанент і ў карэйскай, і ў японскай касметыцы. Такое ўражанне, што ў іх у Азіі ў жанчын не скура, а тытанавыя пласціны, як у тым сусвеце Warhammer 40000.
Хоць у цэлым склад у карэйскіх хімікаў выглядае творчым (там можна і молаты жэмчуг сустрэць, і раслінныя рэпеленты, і нейкія складовыя часткі арганізма чалавека). Людзі відавочна намацваюць цікавыя напрамкі, каб неяк ухапіць сваю долю ўвагі. Атрымліваецца гэта пакуль вельмі слаба, але творчы падыход відавочны.
Avene (цана ў Мінску — 85,05 BYN)
Што абяцаюць. Скура прачынаецца, напаўняецца энергіяй, знікаюць прыкметы стомленасці, скура твару набывае свежасць і ззянне.
Пытанне ўладальніка. Заўсёды ездзіла ў Польшчу па "Авен". Унушаў давер той факт, што ён прадаецца ў аптэках. Ці варта было?
Дрэнна: mineral oil.
Радуе вока: cyclomethicone.
Каментар Бесараба:
— Склад не найгоршы. Так, ёсць сілікон і дзеля чагосьці тут жа яшчэ і мінеральны алей. Вытворца не асабліва разумее, чаго хоча дамагчыся сваім крэмам. За адсутнасцю лепшага такі варыянт спатрэбіцца.
Наконт аптэк... У польскіх аптэках прадаецца што хочаш, у тым ліку куча сумнеўных БАДаў. Тут маркетолагі даўно ўжо зразумелі, што слова "аптэка" працуе магічна на свядомасць пакупніка, і ўсімі сіламі імкнуцца змясціць сваю прадукцыю ў гэтыя ўстановы. Толькі маркетынг, нічога пра фармацыю, бяспеку або хімію. Хоць у цэлым у Avene трапляюцца і нядрэнныя прадукты, але яны ў меншасці, трэба шукаць.
Vichy Mineral 89 (цана ў Мінску — 58,41 BYN)
Што абяцаюць. Забяспечвае да 72 гадзінаў увільгатнення скуры.
Пытанне ўладальніка. Купляю яго шмат гадоў "на аўтамаце", бо нібыта дарагі і ляжыць у аптэцы. Упершыню задумалася, з чаго складаецца яго цана. Што ў гэтым складзе самае дарагое?
Радуе вока: squaline, sodium hyaluronate.
Каментар Бесараба:
— Самае дарагое тут — надпіс VICHY. Вы плаціце толькі за назву брэнда і грошы, улітыя ў працу маркетынгавага, а не хімічнага аддзела. Ну і, можа, яшчэ за аўтарскі слоічак з дызайнерскай паліграфіяй. Але дакладна не за ўнікальнасць складу.
Зрэшты, склад канкрэтна гэтага крэму на здзіўленне нядрэнны (для VICHY). Гэты раскручаны брэнд не надта заклапочаны прывядзеннем складу сваёй касметыкі да ідэалу, большая частка выдаткаў ідзе на рэкламу. Але тут жорсткіх прэтэнзій няма, ёсць і кампанент скурнага тлушчу — сквалан, і кандыцыянавальнік скуры гіялуранат натрыю. Але такія ж рэчывы вельмі распаўсюджаныя ва ўсім спектры цэнавага дыяпазону, ад вельмі танных да вельмі дарагіх.
Biotherm Blue Pro-Rethinol (цана ў Мінску — 194,27 BYN)
Што абяцаюць. Імгненнае насычэнне тканак вільгаццю, разгладжванне зморшчынаў і павышэнне пругкасці.
Пытанне ўладальніка. Усе бяруць з рэтынолам для вечнай маладосці, і я ўзяла. Рэтынол — гэта сапраўды чароўная таблетка? Чаму толькі нядаўна ўсе пра яго загаварылі?
Радуе вока: sodium hyaluronate, pullulan, pentaerythrityl tetra-di-t-butyl hydroxyhydrocinnamate.
Каментар Бесараба:
— Загаварылі, бо піяршчыкі вытворцы пастаянна шукаюць слабыя месцы ў свядомасці пакупніка і імкнуцца змясціць туды новы міф. Бо прадае не праца хімікаў, прадаюць тыя самыя міфы. Рэтынол — гэта вядомы ўсім прэпарат для ліквідацыі ў арганізме дэфіцыту вітаміну А. Наогул кампанент даволі рызыкоўны, бо можа выклікаць і ўскладненні з праходжаннем цяжарнасці, і нават караціноз.
Але ў цэлым склад нядрэнны. Можна згадаць наяўнасць прэбіётыка пулана і кандыцыянера для скуры — гіялуранат натрыю. Асобна можна адзначыць і фотастабілізатар entaerythrityl tetra-di-t-butyl hydroxyhydrocinnamate — гэта, хутчэй, плюс.
Sesderma (цана ў Мінску — 184,99 BYN)
Што абяцаюць. Пігменты выраўноўваюць тон скуры і надаюць ёй непараўнальнае ззянне. Сродак абараняе скуру ад небяспечнага сонечнага выпраменьвання.
Пытанне. Азелаінавая кіслата + SPF — так можна? Наогул, крэмы, якія гарантуюць, што СПФам зверху мазацца не трэба, — ім можна верыць? Купіла звычайны дзённы крэм, можна забіць на сонцаахоўныя?
Дрэнна: CYCLOPENTASILOXANE, DIMETHICONE/VINYL DIMETHICONE CROSSPOLYMER, PROPYLENEGLYCLY DIMETHICONE, CITRUS GRANDIS FRUIT EXTRACT, HYDROCHLORIC ACID.
Радуе вока: POLYSILICONE-11, TROMETHAMINE.
Сумнеўны ці рэкламны трук: HEXAPEPTIDE-40 40 SH-POLYPEPTDE 2, HEXAPEPTIDE-40 40 SH-POLYPEPTDE 76.
Каментар Бесараба:
— Тут прысутнічае відавочна фотатаксічная расліна — памела, то-бок з гэтым крэмам на сонца трапляць не рэкамендуецца. За сонцаахоўную функцыю адказвае толькі полісілікон-15, досыць нядрэнны хімічны UVB-адсорбер. Але ўвесь дыяпазон UVA адкрыты.
Ёсць у складзе і саляная кіслата. Мяне заўсёды здзіўляюць вытворцы, якім у 2024 годзе дзеля чагосьці трэба дадаваць у свой склад саляную кіслату, то-бок моцную мінеральную кіслату, калі існуе проста процьма ашчадных арганічных.
І яшчэ трохі пра прыгажосць
А што рабіць, калі хочацца захоўваць не толькі ўласную прыгажосць? Калі хочацца замахнуцца на захаванне прыгажосці свету вакол? Якіх словаў у касметыцы лепш пазбягаць?
— Як мінімум — розных відаў мікрапластыку. Напэўна, ні для каго не сакрэт, што глабальнае забруджванне мікрачасцінкамі пластыка водаў, глебы, нават арганізма чалавека — біч XXI стагоддзя. Многія з мікрапластыкаў (поліэтылены, напрыклад, ці некаторыя сіліконы) вельмі стабільныя ў навакольным асяроддзі.
Тут жа хочацца ўспомніць і трэнд "REEF SAFE", накіраваны на забарону кампанентаў касметыкі, якія прыводзяць да знішчэння каралавых рыфаў. Да гэтых кампанентаў можна, напрыклад, аднесці некаторыя хімічныя фільтры з сонцаахоўных крэмаў (аксібензон, актакрылен, гомасалат і п-амінабензойную кіслату), ужо згаданыя парабены, вытворныя камфоры, трыклазан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.