Гаварцова прайграла ў першым раўндзе адзіночнага разраду Australian Open
У Мельбурне праходзяць чарговыя паядынкі адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе. Гэта першы ў новым сезоне турнір серыі "Вялікага шлема".
Беларуска Вольга Гаварцова ў першым раўндзе адзіночнага разраду сустракалася з прадстаўніцай Нямеччыны Таццянай Марыяй і прайграла ў двух сэтах — 4:6, 3:6. Далей наша суайчынніца паспрабуе свае сілы ў парным разрадзе. Як інфармуе БЕЛТА, Гаварцова ў першым раўндзе разам з кітаянкай Чыя-Джунг Чуанг згуляе супраць Юліі Гергес (Нямеччына) і Караліны Плішкавай (Чэхія).
Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка ў першым раўндзе згуляе з бельгійкай Элісан ван Эйтванк. Нагадаем, што Азаранка двойчы запар выйгравала аўстралійскі турнір — у 2012 і 2013 гадах.
А яшчэ адна наша тэнісістка, Аляксандра Сасновіч, у першым крузе перамагла расіянку Яўгенію Родзіну і цяпер сустрэнецца з пятай ракеткай планеты расіянкай Марыяй Шарапавай.
У мужчынскім парным разрадзе выступяць беларус Максім Мірны з новым партнёрам — філіпінцам Трэтам Х'юі ў першым матчы выйдзе супраць беларуса Аляксандра Бурага і Дзяніса Істоміна з Узбекістана. Яшчэ адзін наш суайчыннік Сяргей Бетаў разам з расіянінам Тэймуразам Габашвілі згуляе супраць брытанска-шведскай пары Дамінік Інглат / Роберт Ліндстэт.