“Гавары праўду!” прэзентавала скрадзеныя вынікі “быкаўскай” акцыі
У музеі пад Мінскам актывісты кампаніі “у поўнай канспірацыі” распавялі, куды зніклі подпісы, сабраныя за вуліцу Быкава, і патлумачылі, што будуць рабіць далей (фота+відэа). Прэзентацыю вынікаў акцыі “Дарогу вуліцам Быкава” кампанія “Гавары праўду!” зладзіла ў чацвер у Музеі беларускай архітэктуры і побыту пад Мінскам. Як і ў першым выпадку, калі месяц таму кнігу “100 абліччаў беспрацоўя” прэзентавалі на катэры ў Мінскім моры, так і цяпер арганізоўвалі паездку ў лепшых традыцыях шпіёнскіх раманаў – куды іх вязуць удзельнікі прэзентацыі даведаліся толькі калі прыехалі на месца.
Вось толькі прэзентаваць давялося вынік, які цяжка было пабачыць на ўласныя вочы. Праўда, віны ў гэтым “Гавары праўду!” няма – большасць лістоў з подпісамі за вуліцы Быкава зніклі.
Непрыемнасці пачаліся падчас ператрусу 18 чэрвеня. Тады з офіса кампаніі зніклі 10 тысяч подпісаў. Але на гэтым, распавёў актывіст кампаніі Міхась Башура, “знікненні” не скончыліся. Некалькі дзён таму машыну, дзе знаходзілася яшчэ звыш 20 тысяч подпісаў эвакуатарам адвезлі ў двор Савецкага РАУС.
Міхась Башура: “Пасля акцыі ўскладання кветак на вайсковых могілках, маю машыну эвакуіравалі і паставілі на тэрыторыі Савецкага РАУС. Падставы для затрымання мне не паведамілі. І вось ужо 5 дзён яна знаходзіцца там”.
Але не толькі лісты з подпісамі за вуліцу Быкава сталі “ахвярамі” затрымання машыны. Як паведаміў Башура, у машыне былі ключы ад здымнай кватэры, дзе актывісты кампаніі пералічвалі і рыхтавалі для перадачы ў выканкам усе астатнія сабраныя подпісы.
Міхась Башура: “Ёсць падставы меркаваць, што ключы былі ўзятыя з гэтай машыны і з дапамогай гэтых ключоў была адчыненая гэтая кватэра. Кватэра здымалася ў вялікай канспірацыі, ніхто пра яе не ведаў і даведацца не мог. Акрамя супрацоўнікаў міліцыі”.
З кватэры, сцвярджаюць актывісты кампаніі, зніклі яшчэ 50 тысяч подпісаў. І цяпер, кажа лідэр “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў, з іх робяць “балбатуноў”. Маўляў, гавораць, што сабралі 100 тысяч подпісаў, а паказаць іх не могуць. Але, лічыць паэт, справа нават не ў колькасці, а ў адносінах улады да самой акцыі.
Уладзімір Някляеў: “Што яны зрабілі? Яны проста плюнулі ў твар. Не Някляеву, не кампаніі – народу! Гэта ўсё адно, што сказаць: “Што вы тут выдумляеце з нейкімі нацыянальнымі геніямі – у нас адзін геній. Што вы выдумляеце з нейкай ідэалогіяй нацыянальнай – у нас ёсць ідэалогія”. Ідэалогія маны, якая і стала дзяржаўнай!”
Па словах Уладзіміра Някляева, цяпер у кампаніі засталося толькі 5 тысяч арыгінальных подпісаў за вуліцы Быкава і копіі тых, што зніклі. Але ёсць верагоднасць, што копіі для разгляду чыноўнікі выканкамаў Мінска і Гродна не прымуць. Аднак, кажа лідар кампаніі, і 5 тысяч – колькасць дастатковая для таго, каб да меркавання людзей прыслухацца. Ды і збор подпісаў не скончыўся, нягледзячы на афіцыйнае завяршэнне акцыі. Актывісты кампаніі па ўласнай ініцыятыве працягваюць гэтую працу. А лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, які таксама прысутнічаў на прэзентацыі, запэўніў, што сябры партыі дапамогуць “праўдаўцам” у гэтай справе.
На заканчэнне імпрэзы Някляеў падараваў кнігу Васіля Быкава, выдадзеную “Радыё “Свабода”, лепшым актывістам кампаніі, а Зміцер Вайцюшкевіч праспяваў колькі сваіх песень.
Фота і відэа Змітра Лукашука