Для “Дынама” набылі адразу два газоны. Тэндар "падаражэў" у 1,5 раза

Для “Дынама” набылі адразу два газоны. Тэндар "падаражэў" у 1,5 раза

Беларусь вырашыла даводзіць мінскі стадыён “Дынама” да ладу ў вельмі нязручны час. Усе сусветна вядомыя фірмы расцілі газоны для стадыёнаў пад чэмпіянат свету ў Расіі — і тут мы са сваёй шматпакутнай арэнай…

Каб набыць газон для мінскага стадыёна, давялося правесці два тэндары. Дзяржава двойчы адмовіла аўстрыйскай кампаніі, якая пастаўляла газоны на стадыён “Алімпійскі” у Кіеве і на “Лужнікі” ў Маскве, і за два месяцы да адкрыцця арэны пагадзілася на газон амаль невядомай у свеце кампаніі з Валгаграда.

Акрамя таго, тэндэр быў дапоўнены другім полем. У выніку газоны для асноўнага і размінкавага палёў "Дынама" набылі за 432 тысячы еўра. Кантракт "падаражэў" у 1,5 разы, хаця кожнае з палёў каштавала танней за суму ў 282 тысячы еўра, заяўленую ў першым тэндары.


У партфоліа кампаніі з Расіі — толькі трэніровачныя арэны

Дзяліць поле галоўнага сталічнага стадыёна будуць футбалісты і лёгкаатлеты. Каб вытрымліваць разнапланавыя спаборніцтвы высокага ўзроўню, яно павінна быць асабліва якасным. У верасні 2017 года выбраць паміж заяўкамі ад кампаній з Аўстрыі, Галандыі і Расіі не атрымалася. Прызналі, што тэндар не адбыўся, а пытанне з газонам адклалі да вясны.

У красавіку аўстрыйская кампанія Richter Rasen GmbH прапанавала беларусам газон за 571 тысячу еўра. Прапанова кампаніі “Крона “Спорт”з Валгаграда (тыя самыя 432 тысячы еўра) падалася чыноўнікам больш выгаднай.

Еўрарадыё просіць дырэктара “Крона Спорт” Аляксея Зайцава пералічыць галоўныя заказы, якія выканала кампанія. Ён называе... толькі другарадныя трэніровачныя арэны:

“Нашы газоны ляжаць на трэніровачным футбольным полі ФК “Краснадар”, на трэніровачных пляцоўках чэмпіянату свету ў Геленджыку, Кабардзінцы, Анапе, Віцязева. На дзвюх трэніровачных пляцоўках у Валгаградзе, Ульянаўску, Самары”.

Нават на “Валгаград Арэне”, дзе 18 чэрвеня праводзілі свой першы матч чэмпіянату свету зборныя Англіі і Туніса, ляжыць поле ад іншай кампаніі!

Для “Дынама” набылі адразу два газоны. Тэндар "падаражэў" у 1,5 раза
Фота: БЕЛТА

“Патрабаванні да газона для лёгкай атлетыкі невысокія”

Новае поле на “Дынама” можа праслужыць восем гадоў

“Цяпер задача ва ўсіх адна: трэба, каб стадыён адпавядаў высокім катэгорыям Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі і Міжнароднай федэрацыі футбола. Гэта вельмі сур’ёзна, таму я не думаю, што нехта здольны ўкладваць газон, які не будзе нечаму адпавядаць, — працягвае Вадзім Дзевятоўскі. — Тым не менш, якасць газона правераць выключна спаборніцтвы, якія на ім пройдуць”.

А ці ёсць прагнозы, колькі можа “пражыць” новы газон? Дырэктар кампаніі “Крона Спорт” сцвярджае: калі наладзіць за полем пастаянны дагляд, яно можа праслужыць восем гадоў. Расійская кампанія правяла навучанне персаналу, які будзе сачыць за станам стадыёна.

Першыя спаборніцтвы на мінскім стадыёне “Дынама” пройдуць 21 чэрвеня. А ў 2019 годзе арэна прыме Еўрапейскія гульні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі