"Газпрам" працягнуў пастаўкі паліва ў Беларусь

"Газпрам" працягнуў пастаўкі паліва ў Беларусь

"Газпрам" працягнуў пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь насуперак просьбе віцэ-прэм'ера расійскага ўрада Аркадзя Дварковіча. Па дадзеных чыгуначных экспедытараў, "Прадпрыемства прамысловага чыгуначнага транспарту", якое ўваходзіць у "Газпрам", экспартавала ў лютым у Беларусь усяго 1,9 тысяч тон, а з пачатку сакавіка ўжо 8,5 тысяч тон дыстыляту газавага кандэнсату (можа выкарыстоўвацца як дызельнае паліва і пры вытворчасці высокаактанавага бензіну). У студзені 2016-га пастаўкі склалі 15 тысяч тон, інфармуе РБК.

Зніжэнне экспарту ў лютым звязваюць з рэкамендацыямі Дварковіча "Газпраму" і "Татнафце" прыпыніць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь. Віцэ-прэм'ер даручыў Мінэнерга, Мінфіну і Федэральнай мытнай службе разабрацца ў прычынах іх рэзкага павелічэння. Мяркуецца, што гэта зніжае паступленні ў расійскі бюджэт.

Справа ў тым, што пастаўкі нафтапрадуктаў ідуць з нафтабаз у Смаленскай вобласці Расіі, альбо адразу з перапрацоўчых даччыных структур расійскіх нафтавых кампаній у нашай краіне. Паколькі Беларусь уваходзіць у адзіную эканамічную прастору з Расіяй і ў Мытны саюз, згаданыя пастаўкі не абкладаюцца мытнымі плацяжамі. А значыць, расійскія кампаніі выйграюць двойчы: яны зменшылі падаткі (пастаўкі ў Беларусь не з'яўляюцца экспартам) і атрымалі прыбытак (з пачатку 2016 года пастаўляць бензін на беларускі рынак больш выгадна, паколькі кошты на АЗС вышэй за расійскія).

Прадстаўнік "Газпрама" паведаміў РБК, што даччыныя прадпрыемствы кампаніі павялічылі пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь яшчэ ў 2015 годзе "ў сувязі з спрыяльнай кан'юнктурай". Аднаўленне паставак у сакавіку каментаваць ён адмовіўся. У "Татнефці" сітуацыю пакуль не каментуюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі