Генадзь Давыдзька ўзначаліць групу па вывучэнні адмены смяротнай кары

Генадзь Давыдзька ўзначаліць групу па вывучэнні адмены смяротнай кары

У Палаце прадстаўнікоў стварылі працоўную групу па вывучэнні пытання аб адмене смяротнай кары. Групу ўзначаліць старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь Давыдзька.

У папярэдніх склікаваннях Палаты прадстаўнікоў дзейнічала група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання, які ўжываецца ў Беларусі. Тады ёй кіраваў дэпутат Андрэй Навумовіч. Цяпер назва змененая з ініцыятывы МЗС — "па вывучэнні пытання аб адмене смяротнай кары". "Асабіста мне вельмі падабаецца такая фармулёўка", — цытуе БЕЛТА словы Давыдзькі.

Каментуючы сваё абранне на гэтую пасаду, Давыдзька  зазначыў, што дыялог з Захадам у рамках такой групы ў пэўнай ступені стрымлівае "крытыку, якая рэгулярна гучыць у наш адрас, і заклікі да хутчэйшага ўвядзення мараторыя або поўнай адмене гэтага віду пакарання".

Раней Давыдзька неаднаразова выказваўся ў падтрымку смяротнай кары. У 2014-м годзе Давыдзька заклікаў расстрэльваць гандляроў спайсамі. У жніўні 2019-га выказваўся супраць чарговага рэферэндуму па адмене смяротнай кары: дастаткова, маўляў, і таго, што прайшоў у 1996 годзе. 

А ў лістападзе 2019-га ў каментары БЕЛТА заклікаў даваць адпор тым, хто хоча "ўблытвацца і парушаць нашае закадаўства". 

"Наша краіна, як ніякая іншая, за апошні час зрабіла вялікі рывок, пазбаўляючыся ад двайных стандартаў, якія ўжываліся ў адносінах да нас. Тое, што дазволена Амерыцы ці Японіі, нават не абмяркоўваецца, што там, да прыкладу, ужываецца такая мера, як смяротнае пакаранне", — абураўся Давыдзька.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі