Гендырэктар БМЗ Анатоль Савянок пакінуў сваю пасаду
Генеральны дырэктар Беларускага металургічнага завода Анатоль Савянок пакінуў сваю пасаду. Пра гэта паведамляе партал TUT.by, які спасылаецца на свае крыніцы і ўжо атрымаў пацверджанне на прадпрыемстве. З Савянком развіталіся "па пагадненні бакоў". Вядома, што напярэдадні сваёй адстаўкі ён накіраваў ліст сваім падначаленым і кліентам, падзякаваў за сумесную працу.
Анатоль Савянок 1963 года нараджэння. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1989) і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2008). На БМЗ працаваў з 1989-га. Гендырэктарам стаў восенню 2009 года. Цікава, што Савянок стаў першым беларусам, якога прызначылі начальнікам асноўнага вытворчага цэху на БМЗ, а пасля і гендырэктарам. Да яго гэтыя пасады займалі ўраджэнцы Украіны і Расіі.