Гендырэктара "Белшыны", якога арыштавалі ў Беларусі, бачылі ў Расіі
Андрэй Бунакоў (злева) ў Мурманску
Гендырэктара "Белшыны" Андрэя Бунакова, якога летась арыштавалі ў Беларусі, бачылі ў Расіі. Ён падпісаў пагадненне аб будаўніцтве беларускага марскога тэрмінала ў Мурманску, заўважыў reform.news. Яго прадставілі, як гендырэктара "Марскога тэрмінала "Брама Арктыкі" (расійскай кампаніі з беларускімі каранямі). З расійскага боку подпіс пад дакументам паставіў губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс.
Шматфункцыянальны комплекс па перавалцы мінеральных угнаенняў, нафтапрадуктаў, а таксама кантэйнерных і іншых грузаў размесціцца на тэрыторыі новага порта "Лаўна".
"Брама Арктыкі" зарэгістраваная ў пачатку красавіка ў Кольскім раёне Мурманскай вобласці. Яе ўладальнікамі выступаюць грамадзянка Беларусі Нэлі Малярова (ёй належыць 1%) і ТАА "Лагістык Энэрджы" (99%). Высвятляецца, што 100% "Лагістык Энэрджы" належыць усё той жа загадкавай Маляровай. Пра яе нічога невядома.
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Андрэя Бунакова гендырэктарам "Белшыны" роўна чатыры гады таму. Да таго часу ён займаў пасаду намесніка старшыні канцэрна "Белнафтахім". А ў лютым 2023-га на нарадзе Лукашэнка паведаміў, што Бунакоў знаходзіцца ў следчым ізалятары, з'яўляецца фігурантам карупцыйнай справы. І дадаў, што зладзіў разнос чыноўнікам, якія спрабавалі за яго заступіцца. Атрымалася, што давялося ўсё ж экс-гендырэктара выпусціць з-за кратаў — "кадраў не хапае".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.