Геном свіной чумы ў беларускую мясапрадукцыю мог трапіць з імпартнага мяса
Так гучыць адна з версіяў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.
Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксея Багданава. Іншыя версіі чыноўнік не агучыў.
Па яго словах, крыніцай геному віруса афрыканскай чумы свіней магла стаць сыравіна, завезеная па імпарце з трэціх краін. На сёння пад падазрэннем у беларускіх спецыялістаў — дзве краіны-імпарцёры.
Чыноўнік паведаміў, што расследаванне працягваецца. А пакуль што Беларусь прыпыніла пастаўкі сырой свініны на расійскі рынак. Як паведамляла Еўрарадыё, такое абмежаванне будзе дзейнічаць прынамсі да 11 лістапада.
У кастрычніку расійскія ветэрынары выявілі геном віруса АЧС у прадукцыі чатырох беларускіх мясакамбінатаў. Гаворка ідзе аб прадукцыі Аршанскага, Мінскага, Магілёўскага і Бабруйскага мясакамбінатаў.
Фота — ves.lv