Генпракуратура Польшчы абвінаваціла расіян у правакаванні катастрофы Ту-154
У панядзелак, 3 красавіка, намеснік генеральнага пракурора Польшчы Марэк Пасёнэк афіцыйна заявіў аб тым, што супраць расійскіх грамадзян высунута абвінавачванне ў правакаванні катастрофы Ту-154 пад Смаленскам. 10 красавіка 2010 года на борце гэтага самалёта знаходзіўся прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і яшчэ 95 чалавек (афіцыйная польская дэлегацыя ляцела на жалобныя мерапрыемствы ў Катыні). Усе яны загінулі.
“Глыбокі аналіз дадзеных, атрыманых у ходзе следства, дазволіў пракурорам сфармуляваць новыя абвінавачванні супраць авіядыспетчараў, грамадзян Расійскай Федэрацыі, а таксама трэцяй асобы, якая знаходзілася на кантрольнай вышцы, чые дзеянні па наўмысным правакаванні катастрофы прывялі да аварыі паветранага судна, наступствам чаго стала гібель мноства людзей”, — заявіў на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага пракурора Польшчы.
Па яго словах, толькі за апошні год ведамства сабрала і апрацавала каля 2 тысяч тамоў матэрыялаў па гэтай справе. А ў расследаванні польскаму боку дапамагалі вядучыя эксперты з Вялікабрытаніі, Італіі ды Іспаніі.
Пасёнэк таксама распавёў, што польская пракуратура даслала ў Крэмль афіцыйны ліст з просьбай дапамагчы пры допыце падазраваных польскімі следчымі, паведамляе сайт polskieradio.pl.
Як інфармуе РІА “Новости”, прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што “пагаджацца з такімі высновамі немагчыма”. Паводле яго слоў, справай займаюцца і расійскія следчыя органы, а абставіны катастрофы ўжо дастаткова добра даследаваны. І праца будзе працягвацца, сказаў Пяскоў.