Генпракуратура прапануе праводзіць больш аператыўных эксперыментаў

Прадстаўнікі Генпракуратуры, МУС, КДК і КДБ расказалі на прэс-канферэнцыі 9 лютага пра рост карупцыйнай злачыннасці ў краіне, пра тое, што антыкарупцыйная камісіі ў міністэрствах не працуюць, і выступілі за захаванне “следчых эксперыментаў”.

Больш за тое, начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Ігар Грэйба выказаўся за тое, каб такіх эксперыментаў следчыя праводзілі больш.

Ігар Грэйба: “Аператыўныя падраздзяленні павінны больш актыўна праводзіць такія мерапрыемствы аператыўна-вышуковыя. У тым ліку і такія, якія закранаюць канстытуцыйныя правы грамадзян. Па выяўленні нячыстых на руку чыноўнікаў”.



Трэба толькі, падтрымаў калегу начальнік аддзела па расследаванні спраў аб карупцыі Генпракуратуры Пётр Ўрублеўскі, лепш кантраляваць тых, хто гэтыя эксперыменты праводзіць.

Пётр Урублеўскі: “На маю думку, ўсё залежыць ад выканаўцаў, якія гэтыя нормы на практыцы прымяняюць. Усё залежыць ад канкрэтных чыноўнікаў у праваахоўных органах. Таму павінна быць сістэма кантролю, адказнасці і нагляду за тым, як і хто праводзіць гэтыя аператыўныя эксперыменты”.



Нагадаем, што на нядаўняй прэс-канферэнцыі генпракурор Васілевіч, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, сказаў, што яны будуць думаць над тым, што рабіць з гэтымі эксперыментамі далей. Альбо адмяняць, альбо неяк іх змяняць. Але, відаць, сітуацыя з карупцыяй у краіне склалася такая, што стала не да сантыментаў і захавання канстытуцыйных правоў грамадзян.

Летась, паводле словаў Ігара Грэйбы, у краіне праваахоўнымі органамі выяўлена 3366 карупцыйных злачынстваў — на 631 больш, чым летась.

Ігар Грэйба: “Найбольшая колькасць злачынстваў зарэгістраваная ў гандлі — 482, прамысловасці — 427, дзяржкіраванні — 421, сельскай гаспадарцы — 338, будаўніцтве — 279, адукацыі — 200”.

У выніку да крымінальнай адказнасці прыцягнулі 1231 карупцыянера. Такія лічбы, кажа прадстаўнік Генпракуратуры, сведчаць пра тое, што антыкарупцыйныя камісіі ў міністэрствах і ведамствах не працуюць. Гэта пацвердзілі 780 праведзеных праверак па выкананні антыкарупцыйнага заканадаўства, якія прывялі да распачатку 98 крымінальных спраў па карупцыі, прыцягнення 184 чалавек да адміністрацыйнай і 767 — да дысцыплінарнай адказнасці.

Навёў жаху на журналістаў і начальнік працэсуальнага кантролю і методыкі расследавання злачынстваў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Ігар Шаціла. Летась Дэпартамент правёў 3840 праверак, і усе яны, кажа, былі выніковымі.

Ігар Шаціла: “У выніку дзейнасці органаў фінансавых расследаванняў у бюджэт забяспечана паступленне 133,5 мільярдаў рублёў. З іх ў чыстым выглядзе жывых грошай — 81 мільярд рублёў. За мінулы год органамі фінансавых расследаванняў распачата 1283 крымінальныя справы”.



З іх 522 справы дайшлі летась да суда,  а вось 89 былі заўчасна спыненыя. Рэч у тым, што абвінавачаныя па іх карупцыянеры пагадзіліся кампенсаваць нанесеныя дзяржаве страты. І кампенсавалі — на 12,5 мільярдаў рублёў.

Паводле яго словаў, карупцыянеры заселі паўсюль: і ў сельскай гаспадарцы, і ў гандлі, і ў прамысловасці, і на будоўлі. Толькі падчас рэканструкцыі Тэатра оперы і балета шляхам махінацый дырэктар “Аб’яднанай дырэкцыі аб’ектаў, што будуюцца” “нагрэў” дзяржаву на 5,8 мільярдаў рублёў.

Журналісты пацікавіліся ў праваахоўнікаў, чаму з кожным годам у краіне расце колькасць карупцыянераў. Адказ начальніка аддзела па расследаванні спраў аб карупцыі Генпракуратуры Пятра Ўрублеўскага здзівіў. Апынулася, што вінаватае эканамічнае развіццё нашай краіны.

Пётр Урублеўскі: “Гэта звязана з дынамікай развіцця эканомікі, грашовымі плынямі ды іншымі аб’ектыўнымі ўмовамі. Аб’ёмы інвестыцый, эканамічных укладанняў, розных эканамічных праектаў, якія ў нас ажыццяўляюцца, павялічваюцца. А там, дзе ёсць грашовыя плыні, заўсёды з’яўляюцца “дзяльцы”, з якімі нам даводзіцца мець справу ў сваёй практычнай дзейнасці”.

І папрасіў перадаць усім, хто будзе мець дачыненне да будаўніцтва першай беларускай АЭС: сачыць за імі будуць вельмі пільна.


Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі