Генпракурор абурыўся, што ў школах зашмат гадзін англійскай мовы
Генпракурору не падабаецца англійская мова ў школах, ілюстрацыйнае фота
Генпракурор Андрэй Швед на нарадзе ў Лукашэнкі 21 верасня абурыўся колькасцю гадзін, адведзеных у школе на англійскую мову.
Пракурор лічыць, што англійская мова патрэбная толькі для таго, каб стаць працоўнай сілай на Захадзе.
"Па шэрагу класаў колькасць гадзін на вывучэнне англійскай мовы большая ў сукупнасці, чым на вывучэнне беларускай і рускай моў. Мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду? А ў нас вось 3-ці клас англійская мова значна большая, чым у сукупнасці руская і беларуская. Тады ўзнікае пытанне з пункту гледжання падыходаў па арганізацыі навучальнага працэсу", — цытуе сайт "Зеркало" выступ Шведа.
Таксама генпракурор абурыўся тым, што ў рамках факультатыўва "Абаронцы беларускай зямлі" разглядаецца дзейнасць Арміі Краёвай падчас Другой сусветнай вайны. Як вядома, у перыяд вайны Армія Краёва вяла падпольную і партызанскую барацьбу супраць гітлераўцаў.
Як распавядала Еўрарадыё, на гэтай жа нарадзе Швед абураўся падручнікамі. Ён заявіў, што яны мала адаптаваныя для школы. Таксама яму не спадабалася, што ў школах выкарыстоўваюць навучальныя дапаможнікі: "Адчуванне складваецца, што людзі зарабляюць на гэтым грошы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.